epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Мусіць, таму, што хмаркі ў сінім небе...»

Мусіць, таму, што хмаркі ў сінім небе,

Як ліст апалы, шчыльна так прыліплі,

Сум нейкі дзіўны сэрца мне цярэбіць,

Ды так — што часам дождж з вачэй рассыпле.

І дзень — не дзень, а хмурнае сутонне.

Куды пайсці? Дзе сэрцам прытуліцца?

А ў сэрцы тоны новай песні звоняць,

Быццам жывая сочыцца крыніца.

Цябе няма...

А хмаркі ў сінім небе,

Як ліст апаўшы, шчыльна так прыліплі...

Уткнуўся ў хмары бору чорны грэбень,

А лапы елак на зямлі паніклі...

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан