epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Мы з табой стаялі, гаварылі...»

Мы з табой стаялі, гаварылі

Аб усім...

А вось аб тым — ні слова,

Што калісьці разам перажылі

Ў час вясны, расцвіўшае нанова...

Мы маўчалі...

Так было нам лепей.

Той вясны далёкае пялёсткі

Замарожаны ў развагі склепе —

І адтуль няма ніякай весткі.

Ты другі — і я ужо другая,

Мужнымі і сталымі мы сталі,

Хай жа і ўспамін не ўсплывае

Аб вясне, згарэўшай дзесьці ў далі.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан