epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Мы зноў сустрэліся...

Мы зноў сустрэліся, сышліся зноў дарогі,

Ізноў я прад табой

З балючым сэрцам, дзе сабралась смутку многа,

Са змучанай душой.

 

Няхай жа пры грудзях тваіх я вылью слёзы,

Адкрыю хай душу;

Што сэрца абвіло вянком калючак ружы,—

Усё няхай скажу.

 

Паслухай, хоць цябе ўсё гэта, можа, знудзе,

Невесялы мой сказ —

Дай выказаць усё, мне гэта, можа, шчасцем будзе

У жыцці без прыкрас.

 

Дай выказаць усё і чуткаю душою

Душу маю сагрэй,

І будзе мне лягчэй пуцінай йсці крутою,

Жыць будзе мне лягчэй!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан