epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Мы зусім чужыя...»

Мы зусім чужыя. І ўсё ж штовечар

Я іду з работы — ты мяне сустрэціш,

І мы доўга ходзім па Маскве сцямнелай,

Ты ідзеш маўклівы, хмуры і нясмелы.

Кожнай маёй думкай, кожнай маёй справай

Я з табой дзялюся...

Гладкіх і яскравых

Слоў я не пачую. Толькі сэрца зловіць

Шчырую прыязнасць у шурпатай мове.

У нейкай дзіўнай дружбе мы як быццам зліты,

Ды яна глыбока ад вачэй укрыта,

Толькі яе подых часам чую весні,

Быццам водгук ціхі легкакрылай песні.

1971 г.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан