epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

На Краснай плошчы

Над Краснай плошчай ясны золак свеціць,

На стромкіх вежах палымнеюць зоры.

Што ёсць раднейшае на белым свеце,

Чым гэтай плошчы вольная прастора!

Прыйду сюды, успыхне ў сэрцы радасць:

Уся зямля відна як на далоні.

Я чую гул каўказскіх вадаспадаў,

Гудкі світальныя на Волга-Доне.

Я чую, як шумяць пшаніцай нівы,

Як б’юцца сэрцы фабрык і заводаў,

Як наш народ, свабодны і шчаслівы,

Куе свой лёс упарта год ад году.

Я ведаю — з усіх краін сусвету

Людскія думкі йдуць сюды, як хвалі:

Мы слова «мір» для цэлае планеты

Над Краснай плошчай, нібы сцяг, узнялі.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан