epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

На Радзіму

Я не спынюся, не! Ты не прасі здарма.

У мяне нічога тут, апроч цябе, няма.

А я радзілася паміж другіх прастораў,

Масціла доля мне зусім другую гаць.

У нас там паляцца другіх світанкаў зоры,

Другія сполахі там па начах гараць,

Гаі дрыжаць вясной там марывам зялёным,

Як лебедзі, плывуць па небе статкі хмар.

А ўнізе бор узняў высокія кароны

І смольным пахам павявае ў твар.

Палі бязмежныя там каласяцца збожжам,

І людзі родныя працуюць на палях,

І песня звонкая плыве праз поле, лог,

Матывам радасным агучана прыгожа.

Той край мне дарагі — заўсёды прад вачыма,

Ён — Беларусь мая. Ён — светлая Радзіма.

Твой край прыгожы. Тут цудоўныя сады

Красуюцца сваім багатым, спелым плёнам,

І кіпарысаў хмурыя рады

Брыдуць, як пілігрымы па адхонах.

А мора ноччу чорнае, як сталь,

Ганяе статак белагрывых хваль.

Усё, што ёсць у вас, у нас таксама будзе:

І поўдзень прыйдзе к нам,

так хочуць нашы людзі

Прыручым вінаград мы на сваёй зямлі,

Ён вырасце, павер,— і будзе спеліць гроны,

Там, дзе узвіўся хмель, вясёлы брат ягоны.

І вашы цытрусы, павер мне, мы прывучым

Расці ў адной сям’і з ранетам залатым.

Салодкая хурма і слівы — быццам дым,

Аблепяць густа ў нас павець галін пахучых.

А мора? Пачакай, ў шырокія прасторы

Зямлі мы разальём не горш за ваша мора.

Вось толькі гор такіх у нас зусім няма.

А я люблю не менш узвышша і пагоркі,

Дзе, калі ляжа снег, ірдзіцца ён, як зоркі,

Як прыйдзе срэбная, прыгожая зіма.

Султанамі дымы стаяць тады на хатах,

Дзе наш народ жыве, прыветны і багаты.

І я ўсё лепшае, чым поўна маё сэрца,

Гарэнне, сілу рук, жывой душы свабоду

І песню, што з грудзей, як птушка

ў неба, рвецца,

З любоўю даць хачу любімаму народу.

А ты, ты не сумуй і не прасі здарма,

Мне без маёй зямлі нідзе жыцця няма.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан