epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«На юбілей мой не марнуйце сілы...»

На юбілей мой не марнуйце сілы.

Ну, семдзесят — і я не памярла...

А ўсё-ткі старасць ўладаю нямілай

Мяне ў палон бяссілля ўзяла!

І косьці тужаць у нудзе балючай,

Не гібкім стаў і не ўпругім крок.

А думкі горкія скрабуць і мучаць

Душу... Мутнее і слязіцца зрок.

Сябры! Тут радасць і не начавала,

Нашто ж нам урачыстасці спраўляць?

Калі душа жывая прагучала

У песнях — трэба іх смялей спяваць!

А славіць тое, што я пастарэла —

Што абнядужала? Аж крыўдна мне!

Забудзьце проста хоць навек мяне,—

А слаўце — калі варта — маё дзела!

Зялёну вуліцу яму ў народ!

Хай не марнее ў пыльных шафах годы.

Крылатым песням — звонкую свабоду.

З машын друкарскіх — у радасны палёт!

Хай над Радзімай яны звонка кружаць,

Хвалююць сэрцы сталых, маладых,

З народам родным светлай дружбай

дружаць...

А мне не трэба звонкай славы іх!

Не для сябе іх я ў цішы тварыла.

Чаму ж яны мадзеюць столькі год?

Хай усміхнены іх спявае рот,

Хай яны будзяць радасць, ўздым і сілу!

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан