epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

На крыллі песні

Ляту, нясуся ўвысь, плыву на мяккіх хвалях...

Як добра, лёгка мне!

Дзе я? Чырвонасць зор, блакіт паднебнай далі,

І сонца ясны бляск, і празрыстасць крышталяў

Дрыжаць вакол мяне.

 

Ляту, нясуся... Гэй, які абшар шырокі!

Як лёгка дыша грудзь.

Там дзесьці, у даліне,— чуць-чуць дагледзіць вока —

Ляжыць яна — зямля... Так нізка, так далёка!

А тоны ўвысь плывуць.

 

Мяне штось з імі рве, штось цягне страшнай сілай,

Якаясь моц нясе...

Што? — не згадаць ніяк — к жыццю ці да магілы...

І ведаць не хачу... Мне добра так, так міла

Ў высі нямой красе!

 

Ціха! Во штосьці ў круг там дзіўна задрыжала,

А сэрца ў тон яму

Забілась моцна так... і біцца перастала...

Дух змёр, а штось углыбі там глуха ныць пачала,

Што мчыць уніз думу.

 

То болю ціхі стогн прарваўся ў светлай песні

І міма праляцеў,

І сэрца дрыгнула, і дух заныў балесне,

І згінуў сон... І зноў ў чароўны край прадвесні

Мчыць душу дзіўны спеў!..

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан