epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

На лыжах

З горкі ўецца ў дол дарожка

Праз лагчынкі і лажкі.

Ставяць Мішка і Сярожка

Тут чырвоныя сцяжкі —

Дзе загібы і заломы,

Дзе дарога для слалому...

Ну, гатова! Ўсе на лыжы!

У Сярожкі — світэр рыжы

Камандзіра-важака,—

Першы ён ляціць наперад.

Эй, арляты, піянеры,

Не адстанем ад дружка!

Чарадой ляцім да долу,

Паміж соснаў, паміж елак,

Праз пагоркі і лажкі,

Дзе агнём гараць сцяжкі.

Вось трамплін. Займае дух.

Вецер. Сонца. Снег, як пух.

Лыжы над зямлёй! Як сокал,

Ты на іх ляціш высока...

А унізе — крык і смех,

Хтосьці там зваліўся ў снег.

Прызямляешся, як птушка,

Дол, як белая падушка,

Лыжня зноў бяжыць з-пад ног,

А насустрач гладкі лог.

Палымнеюць жарам шчокі,

Іскры сыплюцца з вачэй.

Быстры спуск...

Пад’ём высокі...

Ды мы ўзнімемся яшчэ,

Каб ізноў ляцець да долу

Лётам смелых і вясёлых.

Хай дзівуецца зіма:

Баязліўцаў тут няма!

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан