epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

На смерць брата Э. Буйло

1

Мне снілася, прыйшла яна у белай шаце,

З вяночкам на чале з цянюткіх ветак елі,

І, быццам добрая, кахаючая маці,

Схілілася к табе, ляжачаму ў пасцелі,

Кранулася чала, гарашчага ад болю,

Глыбокіх ран тваіх кранулася рукою.

Ты ціха застагнаў і трызніць стаў аб волі,

Аб шчасці, аб жыцці...

Панікла галавою

Яна... І слухала...

Так прагна бор таёмны

Спеў птушак слухае, замёршы ў ціхай позе,

Так ловіць крык жыцця ціш ночы чутка-цёмнай,

Так гіне мар уздым у буднічнасці прозе...

Гарачы шэпт замоўк,

І немае бяссілле

Змяніла палкі стогн...

Ляжаў ты сонны, белы...

А змроку шэрага прывідныя йшчэ крыллі

Абнялі лёгка свет з лагоднасцю нясмелай.

Смерць таяла у мгле...

А над тваёй краваццю

Мрок сеяў зерні сну...

І грудзі уздымала

Дыханне...

У гэты час далёка ў роднай хаце

Чыясьці маці слёзы палка пралівала...

Ды то быў толькі сон...

Яе кахання сіла

Не вырвала цябе з абдымкаў смерці чорных.

Дык спі ж ты вечным сном спакойна,

брат мой мілы.

А ветрык лёгенькі у ціхі час вячорны

Шапоча хай табе аб радасці спакою

Пасля трывог жыцця...

Нізанку слёз гарачых

Табе прынесла я з бяскрайняю тугою...

Я мару аб адным, што смерць тваю аплача

Забойца не слязьмі, а чорнаю крывёю:

Надыдзе гэты час! Загіне вораг люты;

Чырвоны, як упыр, п'яны крывёй народаў,

Ён сеяў смерць;

І для яго атрутай

Вясняны будзе воблік радаснай свабоды,—

Прабіўся цераз цьму яе прамень гарачы.

Спі, мілы браце мой, у цішы і спакою.

Мы помсцім за цябе. І смерць тваю аплача

Забойца не слязьмі, а чорнаю крывёю.

1 Загінуў у баі на Заходнім фронце 20 чэрвеня 1917 г.


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан