epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Над Донам

Стэп кавыль калыша,

Ціха шэпчуць травы.

Дон трывожна дыша

Хваляю крывавай.

Бой пранёсся бокам

З лязгам сілы збройнай,

Ты, пад гром і рокат,

Спіш сабе спакойна.

Мякка тваё ложа

Усцялілі травы,

Сокал мой прыгожы,

Стройны, кучаравы.

Шэпчуцца у стэпе

Кавылі густыя,

Ветрык мякка трэпле

Завіткі крутыя.

Горка, горка дзесьці,

Цяжка хтось заплача,

Калі дойдуць весці

Аб табе, юнача.

Сон твой беспрабудны,

Сон твой бестрывожны,

Разбудзіць мне трудна,

Разбудзіць няможна...

Сэрца сцішна б’ецца,

Боль сціскае грудзі.

Ты ж чужы, здаецца?

Хто ж радней мне будзе?

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан