epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Над Нараччу

Нарач беліць кужалі

Туманоў на цёмнай плыні.

А на небе вечар сіні

Густа зоры запаліў.

Сёння слаўны быў улоў,

Мы паднялі з цёмнай глыбі

Трапяткое срэбра рыбы,

Заўтра сець там кінем зноў.

Бачыш? — паліцца касцёр,

Пар бруіцца ад вячэры.

Далятае шум аеру,

А вышэй — гамоніць бор...

Разбудзі мяне, калі

Згаснуць зоры ў небе сінім,

Раніцой мы сець закінем

Там, дзе зыбіцца прыліў.

Песня льецца ад кастра

І плыве далёка ў далі...

Нарач гойдае на хвалях

Песню, як сястру сястра.

Разбудзі мяне, калі

Ранак першы промень кіне

І са светлай сваёй плыні

Нарач зніме кужалі.

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан