epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Над свежай магілай

Памяці таварыша

Станіслава Станюлевіча

 

З свежых лісцяў чуцця упляту я вянок

І злажу на магілу тваю;

Перавяжа яго дум жалобных маток,

Што апутаў душу ўсю маю.

На магіле вянок вечна свеж будзе мой,

Вечна зелен там будзе ляжаць;

Ён ўхарошыць твой гроб сваёй вечнай красой,

Ён сны будзе табе навяваць...

Спі, мой браце, спакойна! Дарога жыцця

Закрутая была для цябе;

Луч ідэі пагас, паў сярод ты пуцця,

Аніхто не памог у жальбе.

Аніхто рукі братняй табе не падаў —

Ты адзін быў ды цемра укруг;

Светач ўперадзе згас, і бяссільна упаў

Твой збалелы замучаны дух.

Спі, мой брат малады! У грабовай цішы

Няхай будзе спакойны твой сон;

Не баліць ужо сэрца,— спакою душы

Ўжо не муціць больш блізняга стогн.

Спі, мой брат малады. Мой бяссмертны вянок

Я злажу на магілу табе;

Перавяжа яго дум жалобных маток,

Што над ёю кружацца ў жальбе.

На магіле вянок вечна свеж будзе мой.

Вечна зелен там будзе ляжаць;

Ён ўхарошыць твой гроб няўвяднай красой,

Ён сны будзе табе навяваць!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан