epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Наламала галін

Наламала галін я зялёных,

Прынесла з букетам у хату.

Пахне ў хаце чаромхай, і клёнам,

І рамонкам вясновым, і мятай,

Дзень сягоння у хаце шчаслівы —

Дарагія прыехалі госці.

Льецца смех, льецца гоман шумлівы,

Быццам свята ідзе маладосці.

Па стале у пярэдняй — пілоткі,

Пяць шынеляў вісяць ля парога,

І са мною — сябры-аднагодкі,

Што ішлі па ваенных дарогах.

Сярод іх мой любімы, мой мілы,

Пылам дальніх паходаў абняты.

Добра мне: бы вясна асвятліла

Ўсе куткі маёй роднае хаты...

1953 г.


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан