epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Народны пясняр

У хаце драўлянай радзіўся паэт,

Дзе чадна дыміла лучына.

Адгэтуль ён глянуў на сонца, на свет

Праз вокны убогай хаціны.

 

Яна саламяную стрэху сваю

Спускала, гаротная, к долу,—

Не знала, не ведала, долю чыю

Люляе пад спеў невясёлы.

 

А ён падрастаў, працавіты хлапчук,

З прачулай, гарачай душою.

І ўсё, што пабачыў, усё, што пачуў,

У сэрца ўбіраў маладое.

 

Народныя песні душой успрымаў,

Тужлівыя, быццам шум бору.

Дапытлівым сэрцам з дзяцінства пазнаў

Людскую нядолю і гора.

 

І ў сэрцы гарачым успыхнуў агонь,

Жалейка уранку зайграла —

Аб цяжкім уціску народа свайго

Узняў сваё слова Купала.

 

Кастрычнік прыйшоў... Акрыліла яго

Жыццё сваёй яваю новай.

Для роднай краіны, народа свайго

Аддаў ён і думы і слова.

 

А край падымаўся, пад зорамі рос,

Квітнеў штовясну небывала.

Яму сваю шчырую песню прынёс

Пясняр непаўторны — Купала.

 

З народам ішоў ён дарогай наўсцяж

У бітвах і ў мірнае працы.

Ён кожнаю думкай быў блізкі, быў наш,

Каб вечна народным застацца.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан