epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Наш Ільіч

І — ён прыйшоў! Не мог ён не прыйсці,

Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі,

Чыгуннай глыбай гнёт душыў ім грудзі,

І не было прасвету у жыцці.

Змагаліся... Пагінула нямала

Байцоў за здзейсненне народных мар...

Паў брат яго у ліку тых ахвяр...

Правадыра народу не хапала!

Ён падрастаў з малога хлапчука,

Які з дзяцінства быў праўдзівы, мужны,

З душой народа безраздзельна дружны,

Як з берагамі чыстая рака...

Яшчэ бяззбройны і безабаронны,

Прымушаны за рубяжамі жыць,

Ён адчуваў, як свет стары дрыжыць

І пад царамі дрыгацяцца троны.

«Аўроры» залп!

Стыхія бруд змяла!

Паў Зімні...

Голы, босы наш салдат,

Народа сын, яго бясстрашны брат,

Зваліў у гразь двухдзюбага арла!..

Зваліў Антанту! Кераншчыну збіў,

Узняў адважна высі далягляду,

Савецкую ўстанавіўшы ўладу,

Чырвоны сцяг у чыстым небе ўзвіў.

Хто вёў яго у процьме бур жыццёвых?

Хто вызначыў шляхі да вызвалення?

Наш родны Ленін! Дарагі наш Ленін!

Даваў нам праўды светлай установы.

Ёсць партыя, што возьме ўладу ў рукі!

Сказаў ён смела, ў мутны час хістання.

Ён ясна бачыў новых дзён світанне,

Чуў пераможны труб літыя гукі.

Сягоння — ўсё збылося...

І сусвету

Відзён у поўнай велічы наш Ленін...

Пракладзен шлях народам, пакаленням —

Да камунізма, ленінскае мэты!

1970 г.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан