epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Насцін пачастунак

Выйшла Насця за вароты,

А там ходзяць гускі

У сваіх у жоўтых ботах,

Рышт занялі вузкі.

Насця смела падышла к ім,

Стала вельмі блізка,

Пачастунак прынясла ім —

Смачныя ірыскі.

І яны бяруць у дзюбы

Сінія паперкі,

Ды, відаць, зусім не любяць

Гэтыя цукеркі.

Выкідаюць іх, гагочуць

Дружна над вадою,

Папрасіць, здаецца, хочуць,

Мабыць, што другое.

Насця плача, з воч, як прысак,

Сыплюцца слязінкі.

— Не ядуць маіх ірысак,—

Скардзіцца дзяўчынка.

Маці кажа:

— Годзе плакаць,

Крыўдзіцца не трэба:

Ім цукеркі не да смаку —

Пачастуй іх хлебам.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан