epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Навокал быццам просека лясная...»

Навокал быццам просека лясная,

Карчы, завалы і сухія пні.

Іх порасль веснавая аплятае,

Сунічнік паліць белыя агні,

Плывуць над намі — быццам рэчка, дні...

Як шмат любімых паміж нас не стала!

Бядуля, Чорны, Колас і Купала...

І мая Ўладка светлай зоркай ззяла...

Цяпер з іх кожны сніць пра вечнасць сны.

А думкі іх усцяж ідуць з народам,

Гучаць іх песні ў баявых паходах,

Як тыя сосны, што стаяць між пнёў.

Хістае іх увосень вецер дзікі,

А каля ног — ўзнімае густа пікі

Сасняк, што зменай нам, старым, прыйшоў.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.