epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Няхай сабе схіляе дзень...»

Няхай сабе схіляе дзень

Бег сонечны на ціхі вечар,

Няхай сабе і ноч ідзе,

Не ухілюся ад сустрэчы

З усім, што прыйдзе да мяне.

Хоць будзе сэрцу трошкі шкода,

Што новым песням не звінець

Тады ў вушах майго народа,

Тым песням, што жывуць ва мне,

Якіх яшчэ я не прапела,

І не гучаць ім па вясне

Над дрэвамі ў кіпенні белым...

Няхай сабе пакуль жыву —

Дням новым, сонца бляску рада...

Кіплю, як кіпень вадаспаду,

І рэчкай бурнаю плыву.

У маіх думах і жаданнях

Парыў душ юных, маладых!

Ты не лічы мае гады,

У вачах маіх зара світання!

1955 г.


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан