epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не, не,— я не хачу, каб ты мяне любіў...»

Не, не,— я не хачу, каб ты мяне любіў,

Каб мучыўся, каб сніў аб радасці сустрэчы,

Хоць, можа, і не звяў той радасны парыў,

Што душы нам з’яднаў у той шчаслівы вечар.

 

Якое шчасце нам адкрылася тады!

Якіх дзівосных мар спляталіся матывы...

Мы чулі гукі іх праз доўгія гады

І ведалі: жывём і сэрцы нашы жывы.

 

Нас разлучыў наш лёс — суроваю рукой.

Дзялілі далі нас і час дзяліў няўмольны...

Нас мучыла туга, пакінуў нас спакой,

Душыў нас цяжкі гнёт нядолі той бяздольнай.

 

Здавалася, канца напасці не відаць,

Здавалася, навек закрыла сонца хмара,

Здавалася, галоў апушчаных не ўзняць,

Бязвінныя — а він заціснуты цяжарам.

 

А дзень прыйшоў такі! Ён праўду нам прынёс.

Ён волю нам прынёс! Мы збыліся прыгнёту...

Хто мог тады стрымаць паток шчаслівых слёз —

Якіх прастораў нам адкрыліся шыроты!

 

І песня ажыла...

І загучаў матыў

Шчаслівы, трапяткі, бязгранным шчасцем

поўны.

Той толькі, хто прыгнёт такі сам перажыў,

Мог зразумець да дна боль сілы невымоўнай —

 

Той мог і зразумець той радасці святло,

Якое з бездані нас падняло у высі...

Як быццам смерць сплыла — і ўсё ў нас ажыло,

І рукі чыстыя ў братэрстве душ спляліся...

 

А толькі не любоў, вось тая, што была,

А іншая зусім напоўніла мне грудзі —

Любоў да тых, хто жыў без долі, без цяпла,

Каго нялюдскія замучывалі людзі.

 

Усю любоў душы хачу аддаць я ім,

Усім цяплом маім к іх душам прыхіліцца,

Каб стужу разагрэць — і сцерці крыўду зім,

Каб перажытае магло хутчэй забыцца.

 

Люблю я вас усіх — не толькі аднаго,

Хоць і твая душа на тым крыжы распята...

Хоць паліць маладосць жывой душы агонь —

Над праўдай — вырванай з крывавых кіпцяў

ката.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан