epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не! Ты ўжо не той — якім быў у той час...»

Не! Ты ўжо не той — якім быў у той час,

Калі пара любві сустрэла шчасцем нас...

І я не тая ўжо... Сплыло усё з вадой...

Нас доля гнеціла і горам і бядой,

І ўсё ж мне радасна! Не згаслі аганькі,

Што душы грэлі нам! А іх бы на вякі

Хапіла, каб вякі трымалася жыццё.

А словы, як агні, яны пякуць душу,

Я чую сэрцам іх — і я сказаць спяшу,

Што помню ўсё, чым мы ўсё жыццё жылі,

І што чужымі мы ніколі не былі,

Хоць нас дзяліла ўсё праз доўгі, доўгі час,

А наш з табой агонь і ў старасці не згас.

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан