epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не хачу я нічога казаці табе...»

Не хачу я нічога казаці табе,

Бо баюся, што ў словах маіх

Выліецца каханне маё для цябе,

Што усё зразумееш ты з іх.

 

Не хачу я глядзець, каб з маіх ты вачэй

Тайны сэрца майго не згадаў,

Каб паблеск іх таемных, гарачых лучэй,

Як цябе я люблю — не сказаў.

 

Я каханне маё пахаваю ў душы,

Спакой сфінкса на твар налажу,

І хоць сэрца ад болю сканае ў грудзях,

Я нічога табе не скажу.

 

А калісь, як на вечны спачын адыду

І зямля як пакрые мяне,

Няхай вецер з магілы маёй паляціць

І слоў колькі табе пашапне.

Хай зязюля вясной кукаваннем ў гаі

Аб любві табе кажа маей,

Хай гавораць аб ёй кветкі пахам з лугоў

І пяяннем сваім салавей.

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан