epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не давай разгону думкам сумным...»

Не давай разгону думкам сумным

І не вер, што гора непазбыўна.

Час — ён лекар добры і разумны,

Калі ён таймуе боль — не крыўдна.

Калі ён лагодна цішыць буру,

Каб з-за хмар бліснула сонца шчасця,

Не кляні злавесную віхуру,

Пыл згрызот хай росквіт дня не засціць.

Не згінайся пад цяжарам гора,

Ўсё сыходзіць, што было пражыта...

Сонца ўзыдзе! Ўзыдзе сонца скора!

Свет заззяе, промнямі абліты.

Ты аддайся светлай гэтай хвалі,

І душа нальецца сокам веснім,

Гора сэрца моцнага не спаліць,

Пабаліць — і зноў к жыццю ўваскрэсне.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан