epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Не глядзі...

Не глядзі на мяне... Маё сэрца так б'ецца, дрыжыць;

Твае вочы ўва мне запаляюць нязгасны агонь,

Ты глядзіш на мяне - без цябе мне не хочацца жыць.

А з табой не магу - не магу жыць ніколі з табой!

 

Не глядзі! Твае вочы яснеюць, як неба удзень,

Як бы зоркі у небе - так ясна, так мякка блішчаць;

Мой пагляд у іх тоне, бы ў той, у марской, глыбіні...

Не хачу ўжо глядзець, а вачэй не магу адарваць.

 

Не глядзі! Ты глядзіш, а тады так хацелася б мне

Пабляднелы мой твар да грудзей да тваіх прытуліць

І глядзець ў твае вочы ўвесь век і наяве, і ў сне...

Не хачу... А цябе не магу, не магу не любіць!

 

1914

 


1911; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая