epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не ляці ты, думка, у палёт саколі...»

Не ляці ты, думка, у палёт саколі,

А стрыжом імклівым вей у наваколлі,

У няхітрых буднях і штодзённых справах

Адшукай след скромны подзвігаў яскравых.

 

Раскажы аб гэтым — хай шануюць людзі

Тое, што мне сёння ўсхвалявала грудзі.

І тады сучаснасць яркая ўваскрэсне

У маёй вясёлай і шчаслівай песні.

 

Можа, гэта песня у вячэрняй цішы

Над бацькоўскай хатай неба раскалыша.

Песня маладая — сэрца ў карагодзе.

Ты з жыцця узята і жывеш ў народзе.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан