epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не судзі мяне строга! Не трэба...»

Не судзі мяне строга! Не трэба

Быць занадта суровым да гора.

Не забыла я смак таго хлеба,

Што з маўкліваю ела пакорай.

Не дарма ён даваўся за працу,

За мазоль мой падчас — непасільны,

Калі доля змушала баяцца

Рук халодных, вачэй непрыхільных.

Працавала. Ўсе сілы і думы

Я тапіла ў цяжкай рабоце,

Каб не бачыць пагарды і глуму,

У бяспраўнай не тлець адзіноце.

 

Калі сёння скажу я, што горка,

Мяне не судзі ты за гэта!

Балючай і сумнай гаворкай

Лью горыч з душы абагрэтай.

Каб доўгія годы маўчання,

Што каменем палі на грудзі,

Прайшлі ў слоў адкрытых гучанні,

Як сходзіць адлігаю студзень...

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан