epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Не верце, любыя, прашу, вы мне не верце...»

Не верце, любыя, прашу, вы мне не верце,

Калі усмехам я сустрэну жарт калючы.

Ён болем і тугой у сэрцы адгукнецца

І будзе доўга там агнём гарэць і мучыць.

Не верце, любыя, калі прайду спакойна,

Калі пакрыўдзіць хто няшчырасцю і здрадай,

Я навучылася трымаць сябе дастойна,

Не дапускаць душу да горкіх заняпадаў.

Чаму? А мне ў жыцці нярэдка давялося

Глядзець, як мучаць тых, хто аслабее духам,

Хто, калі скрыўджаны і плача і галосіць,

А потым у вачах яго цямнее скруха.

Адна ў мяне была ў горы абарона:

Акамянець. Ні слёз, ні слоў, ні енку.

Так йшла я праз жыццё і так дайду да скону

Душа баліць не раз — і ўсё ж сухая зрэнка...

1971 г.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан