epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Нікому не жыву дакукай...»

Нікому не жыву дакукай,

Ні ў кога хлеба не прашу,

А покуль служаць яшчэ рукі,

Працую дома і унука

Я ціхай ночкай калышу.

Таму мне і нявестка рада,

І рад сынок — пры ім жыву,—

Ён мне падмога і спагада,

А часам з ласкавым паглядам

Пагладзіць шчыра галаву.

А мне нічога больш не трэба,

Вось гэты дотык родных рук,

Як сонечны праменьчык з неба,

Кавалак невялічкі хлеба —

І мне падмога — мілы ўнук.

1973 г.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан