epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ноч

Ноч. Месяц на небе пурпурна-чырвоны,

Панура так зоры гараць,

А вецер лятае, гудзіць, як шалёны,

Штось гоніць, штось круціць, рве з стрэхі салому,

Будыніны глуха трашчаць...

 

Страляючы голымі ўверх галінамі,

Лес пошумам страшным шуміць,

Ў вяршынах лясун разгуляўся з вядзьмамі,

То розгу ў іх кіне, то сыпне лістамі,

То рогатам дзікім смяшыць.

 

На рэчцы ля млына, адпёршы засовы,

Сівы вадзянік устае,

І з гукам з дна рэчкі пясок ён жвіровы

Нясе, насыпае у колы жарновы

І, мелючы, дзіка пяе.

 

Ноч цёмная поўна загадкавых гукаў:

Штось шэпча, то зноў шалясціць,

То як бы заенча ад страшных хтось мукаў,

То ўдалі хтось дзіўна, працяжна загукаў

І сціх, толькі вецер гудзіць.

 

І страшна, і нудна, аж дух замірае,—

Баішся і вочы самкнуць.

Здаецца, хтось байку страшную дзесь бае,

То як бы хто плача, то быццам спявае...

Дрыжыш і не можаш заснуць.

1913


1911; 1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан