epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ноч позняя. Вецер гудзіць, завывае...»

Ноч позняя. Вецер гудзіць, завывае,

Так жаласна-сумна шуміць;

А мне сэрца з болю ў грудзях замірае,

Душа так страшэнна баліць!

 

О, вецер! Ты плачаш, ды ты йшчэ шчаслівы,

Свабодны ляціш у прастор;

Заенчыш — спагадна шумяць, стогнуць івы,

І плача з табой сівы бор.

 

О, як жа б з табою ляцець я хацела,

Пакінуць і свет і жыццё!

З табой я лятала б, з табой бы гудзела,

Жаль зліўшы ў тваё у выццё.

 

Мы б ночкай насілісь ў шырокім абшары

Праз выдмаў вялікі разлог,

Праз пушчы лясныя, балоты, імшары,

Дзе б толькі забрацца ты змог.

 

Ў выццё тваё, вецер, зліла б мае стогны,

І выў бы ты болем маім,—

Мо сэрца людское спагадаю дрогне

Над болем вялікім такім.

 

Тады не адна я ўжо буду з думою,

Што цёмнае ночкі чарней...

Вазьмі мяне, вецер, лятаці з сабою,

Спагады шукаць у людзей!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан