epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ноч

Над Ай-Петры ходзіць ноч,

Заліваючы прасторы

Зіркам тысяч ясных воч...

Ўнізе змоўк стамлёны горад.

Ноч садзіцца на адхон —

Сеяць людзям мірны сон.

Змоўкла Ялта.

Звіснуў мрок.

У жалобе кіпарысы...

Месяц выгнуў жоўты рог

Над старым уцёсам лысым,

Скупа сее ніклы пыл —

На адвечных мхоў насціл.

Далятае рокат хваль,

Мітусіцца гнеўна мора,

Быццам чорнай фарбы сталь

Выгінаецца ў горы...

Густа паліць порт стары

Залатыя ліхтары.

 

Страж-маяк кідае ўдаль

Позіркаў чырвоных стрэлы,

Параходы паміж хваль

Шлях свой пракладаюць смела:

Ім надзеі светлы знак

Верны кідае маяк.

Горад спіць. А дзе-нідзе

Аганькі бягуць імкліва,

То аўтобус з гор ідзе —

Траса ўецца палахліва

То наперад, то назад,

Ўсё ніжэй — за радам рад.

Ноч раздзьмула бляскі зор.

Дагадзіць каб плыні зыбкай,

Адарвала месяц з гор

І пусціла ў мора — рыбкай...

Глянь! Мільгае маладзік,

Выплыў вось, вось у хвалі знік...

Льецца сонны звон цыкад,

І сабака брэша глуха.

 

Лёгкі ветрык ночы рад,

Цёплым дыхае падзьмухам,

Вецці шэпчуць ля акна,

Выглядаючы з цямна.

Горад спіць. Залегла ціш.

Толькі шум плыве ад мора...

Ну, а ты, чаму не спіш?

Блісне ўжо світанак скора,

Што ж табе не склеіць воч

Сном напоеная ноч?

Ўсход ружовіцца святлом,

Мякка сцеле бляск на воды.

Ў сінь тугую, быццам шкло,

Лье шырокія разводы —

Шчодра ў мора ранак лье

Фарбы светлыя свае.

Шчодра душу лье паэт

У радкі — як перлы, ніжа.

Можа, ўзнікне светлы след?

Мо — як месяц ноччу, рыжы,

Сее бляскі па вадзе —

Бліснуць песні між людзей?

Пачуццё душы жывой

Да душы дайсці гатова.

Можа — дзеўкі у жніво

Галасамі ўздымуць словы,

Можа, песня паплыве

Па палетках, па траве?

Можа, грудзі скалыхне?

Мо налье пачуццем сэрцы?..

І не будзе для мяне

Шчасця большага на свеце,—

Калі доля прывядзе,

Жыць у памяці людзей.

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан