epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Па траскіх гацях

 

Костачка сягоння ўстала рана,

Калі водар з лесу плыў духмяны

І чуць узышло над лесам сонца

На ружовай, пухкае пялёнцы...

А праменны зайчык ўжо на ложку,

Скокнуўшы, заласкатаў ён ножку.

Пазяхнула дзеўчынка спрасонку:

— Ты чаго ласкочаш мяне, сонка?..

Дома пуста. З лапкаю паднятай

Кот ганяе мячык сярод хаты,

Певень хутка шугануў за дзверы,—

Нездаволен нешта пецька шэры,

Ўзняў высока грэбень свой чырвоны,

Ко-ко-ко... крычыць сярдзітым тонам.

Костачка спусціла к долу ножкі

І саскочыла ціхутка з ложка.

Нацягнула на сябе сукенку —

Ззяў сіняк над праваю каленкай,

Гэта ўчора, ўпаўшы на палена,

Збіла Костачка сабе калена.

На двары было таксама пуста.

Толькі парсючок, маленькі, тлусты,

Рохкаў ля сцяны ў салодкай стоме,

Ды грабліся куры у саломе.

За дваром адхон жаўцеў пясчаны,

Склеп у ім. Са склепа кожны ранак

Маці несла буракі, капусту,

Бульбу, моркву... Жвір з лагодным хрустам

Сыпаўся на Костачкіны ножкі

З рыхлае, пясчанае дарожкі.

А за ўзгоркам бор стаяў сасновы,

Меднастволы, зеленагаловы,

І па насыпе ішла дарога.

Дрэвы вырасталі на адлогах,

Дуб, арэшнік, вербы і рабіны,

А над імі — соснаў верхавіны.

Йшла дзяўчынка сцежкаю. А дрэвы

Нахіляліся над ёй са спевам,

З нейкім сумным і таемным шумам,

Быццам бор стары аб чымсьці думаў

І шумеў ў задуме звольна, ціха...

Ці мо спаў — і ў сне вось гэтак дыхаў...

Злева, ўнізе,— мох, кусты, балота,

Журавіннік, пікі ачарота,

Мухамораў — нібы хто натыкаў...

Камароў і мошак там — без ліку,

Над дарогаю таўкуцца слупам,

Быццам хто праз сіта сее крупы.

У вадзе расселася асока.

А над ёй лазіннік. Далей, збоку,

Жоўтым вогнікам скрозь мхі імжыцца

Пышная купава, чамярыца,

Воўчы бэз, чарнічнік жаўтаваты

Паміж елак сініх і кашлатых.

А направа над дарогай — сосны...

Зрокам не дастаць карон выносных,

Ствол мядзяны, чуць хістаюць станам

У зелень кучаравую прыбраны

І гудзяць — як гуслі-самагуды,

Урачыстым, лётным, спеўным гудам.

Ў лесе шумна. Птушкі — ранку рады —

Сыплюць шчэбет, звонкія рулады,

А туман яшчэ вісіць на дрэвах,

Нібы спіць пад звонкі посвіст спеву,

Апавіўшы шызай дымкай вецці,

Быццам ноч яшчэ стаіць на свеце.

Збоку выглянуў жаўтавы промень,

Ён праслізнуўся жывы, рухомы,

І рассыпаўся ў дрыжачых росах,

На арэшын буйналістых косах,

На лазінніка зялёнай грыве

І расцвіў праменіста і жыва.

Костачка стаяла на дарозе

У нямой, зачараванай позе,

Не магла дзяўчынка зварухнуцца:

Промні шчодра сыплюцца і льюцца,

Расквітаюць палка на галінках...

У ажурнай фэразі рабіна

Раскідала маладыя вецці

І таксама пацеркамі свеціць.

*

Уражанні дзяцінства! З поўнай сілай

Вы ў душы жывеце да магілы.

Раз адбіўшыся ў душы дзіцячай,

Будзеце усё жыццё маячыць

Ў памяці адбітна і яскрава,

І не мае час над вамі права.

Пройдзе век. У старасці глыбокай

Слых ступее, мгла засцеле вока,

Памяць — як трава на сонцы звяне,

Што было учора ў ёй, не ўстане,

А дзяцінства ўражанні там жыва

Ўсе свае хаваюць пералівы.

Ты крані, і выйдуць на сустрэчу

Успаміны з галавы старэчай,

І язык, пад дахам тых уражань,

Аб стагодняй былі ўсё раскажа,

Ўсё прыпомніць, да здзябла малога:

Ўсё жыве у галаве старога.

Так і ранак краскамі багаты

У душы дзіцячай, чулай, ўзнятай,

Вобразам праменістым адбіўся:

Ўсё жыццё у снах ён потым сніўся

І малой і сталай ўжо Кастусі

Уяўленнем роднай Беларусі.

*

Ў Костачкі браты былі і сёстры:

Эдзік — хлопчык смелы, бойкі, гостры.

Ён чытаць любіў. Чытаў запоем.

Ўсюды кніжкі ён насіў з сабою.

За сталом — не браў у рукі лыжкі,

Покуль не было пад носам кніжкі

Ці хаця б абрывачка газеты.

Маці лаяла яго за гэта.

Віця быў найменшы. Яснавокі,

Ў кудзерках льняных над лбом высокім,

Мяккі, ціхі, добры і лагодны

І ва ўсім з старэйшым братам згодны,

Бо любіў яго ўсім сэрцам шчырым

І лічыў за бацьку-камандзіра.

Сястра Стася — ўсім была, як маці,

Бо з дзяцей старэйшая у хаце,

Рухамі павольная, спакойна

Малышовы замірала войны,

Ўсіх іх песціла, часала, мыла,

Вінаватых — ласкава карыла,

Хоць была старэйшай ненамнога —

Выпаўняла ролю педагога.

І яшчэ была дзяўчынка — Інка,

Каравокай, смуглаю грузінкай

Вырастала дзеўча ў роднай хаце

Ад бялявае літоўкі маці.

Бацька — быў аб’ездчыкам у графа.

Ля стала ў яго стаяла шафа,

Ў ёй два клеймы, нейкіх тры пячаці,

Пухлы і таўсты скорасшывацель,

Шмат квітанцый, шмат канторскіх кніжак

Паміж шафай і сцяною — лыжы,

А над ложкам дубальтоўка звісла,

Патранташ ніжэй — ў парадку сціслым,

Там прылады ўсе для палявання,

Цікавей за ўсё, да аглядання.

Бацька не любіў хадзіць да пана

З штучнай, прымусоваю пашанай,

Не умеў ён карк згінаць, як трэба,

Перад панам за кавалак хлеба,

Што атрымліваў за сваю працу.

Калі ж змушан быў к яму з’яўляцца,

Не любіў стаяць там ля парога.

Не цягаў з парубак ён нікога,

Ні з грыбоў, ні з ягад. Дык не ў пана —

А ў сялян ён цешыўся пашанай.

Быў ён ростам — як той дуб, высокі,

Белазубы, смуглы, каравокі,

Гаспадарны дома і вясёлы,

Музыку любіў і песні. Ў кола

Сабіраў дзяцей усіх штовечар,

Каля кафельнай зімою печы,

Летам — каля ліпы у гародзе,

І сам першы песню ім заводзіў.

Хор звінеў. А голас лёгкі Стасі

З таго хору дзіўна выдзяляўся,

Чысты, звонкі, свежы і высокі,

Ён шугаў над песняй і глыбока

Хваляваў пачуццяў палкіх сілай.

Што душа яе у гук бруіла.

Бацька быў сталяр. Дык хор дзяціны

Шоў з аркестрам. Сам ён мандаліны,

Балалайкі звонкія, гітары

Майстраваў цудоўныя, як мары,

І вучыў іграць. Найпершай — Стасю:

Ёй гітара дзіўна надалася,

А за ёй ўзяла і мандаліну

Ў свае рукі здольная дзяўчына,

І на балалайцы потым міла

Ўсіх дзяцей яна іграць вучыла.

Эдзік ўжо іграў на мандаліне,

Балалайка заспявала ў Іны,

Костачка не йграла і не пела,

У кутку, маленькая, сядзела,

Толькі вочкі у яе палалі,

Як другія пелі і ігралі.

Костачка дзічком расла у хаце,

Мо занадта строгай была маці,

А дзяўчынка кволай і ўражлівай

І да сэрца ўсё прымала жыва.

Ёй усіх чамусьці было шкода,

Хвалявала сэрца ёй прырода,

Пойдзе ў лес, бывала, ці у поле,

І нічога ёй не трэба болей.

І глядзіць і слухае, знямеўшы,

Дробным тварам неяк пабялеўшы,

Бору шум ці збожжа гоман спелы,

Быццам сказ аб дзеях слаўных, смелых,

Аб радзімай, любае краіне,

І цікава гэта ўсё дзяўчыне.

К рэчцы прыйдзе і глядзіць на воды,

Думкі йдуць за хваль празрыстых ходам,

Ў шуме хваль нясецца спеў чароўны,

Поўны суму, летуценняў поўны.

Загудзіць зімою завіруха —

І яе яна павінна слухаць,

Вецер за акном жалобна вые,

Ёй хвалююць сэрца гукі тыя

Нейкім болем, поўным асалоды:

Моц гучыць у голасе прыроды.

І чытаць яшчэ яна любіла,

Пушкін ёй, Міцкевіч былі мілы,

Канапніцкай шчырыя матывы

Хвалявалі сэрца яе жыва

І будзілі сквапную спагаду

Да людзей, гарачым спеўным ладам.

Бацька даставаў газеты, кніжкі,

Хоць не меў ніколі грошай лішку,

Падпісаўся ён якраз на «Ніву» —

Тоўсты быў часопіс. І шчаслівы

Былі дзеці, рад быў з імі татка,

З тым журналам шмат ішло дадаткаў

Кніг усякіх, што патрэбны дзецям,

Бо ж цягнуліся усе к асвеце.

Бацька сам, бывала, сцісне рукі:

— Удаліся дзеці да навукі,

А вучыць іх — не хапае сродкаў...

Не куру я, не глушу я водку,

Ўсё жыццё працую шчыра, дбала,

Ну а грошай не хапае стала.

Ды і скуль тут быць той добрай долі,

Дзесяціны тры зямлі, не болей,

За гумном ляжаць маленькім клінам:

Бульба там, пшаніца, канюшына,

Ярына, яшчэ палоска жыта —

Ўсё збяры і ўсё ж не будзеш сыты —

Бо ж сям’я! А за работу плата

Гэты клін пад лесам, ну і хата,

Ды грашмі дадатак невялікі.

Поле часта набягаюць дзікі,

Таму ноччу пілнавацца трэба,

Бо зусім астанешся без хлеба.

Дзеці часта там кастры палілі

Звечара. І іскры ў неба плылі,

Дым клубіўся чорны, кудраваты,

Полымя лізала сук кашлаты

І хісталася змяіным згібам

Ля карча, як вогненнага грыба.

Капала смала з гарачым шыпам,

Быццам хто чырвонцы ў попел сыпаў.

Дзік баяўся выпаўзаць на ніву,

Калі трос агонь чырвонай грывай.

*

Дзетвара расла сабе памалу,

А з ёй побач гора падрастала:

Дзеці — то не лес, што ўгору пнецца,

Трэба ўсім абуцца і адзецца,

Трэба ж і вучыцца. Ўжо у школу

Трое бегаюць аж у пасёлак.

А у хаце двое: Віця, Іна,

Маці іх вучыць была павінна,

Бо гарнуліся да кніг таксама:

Пакажы буквар... Вучы нас, мама...

Маці ўладная. Суровай складкі,

Рост малы, а твар бялявы, гладкі,

Гаспадыняю была адменнай

І з бядой спраўлялася нядрэнна:

Пяць дзяцей расло у яе хаце,

Гаспадарка ўся была у маці:

Парсючок, і куры, і карова,

Хоць была і моцнай і здаровай,

Трудна ёй было. Не раз бывала —

І дзяцей і долю праклінала.

Яна моцна верыла у Бога,

Дом, дзяцей трымала жорстка, строга,

Працаваць вучыла і маліцца,

Пець літаніі па той кантычцы,

Дзе такія Богу йшлі пахвалы,

Ад якіх стары дурэў памалу...

(Гэтак бацька гаварыў са смехам,

Не баяўся ён за жарт той грэху.)

Маці лаяла яго за гэта:

— Бог зжыве, зжыве цябе са свету,

Бо не толькі сам жывеш без Бога —

Дзецям засціў да яго дарогу...

Бацька на той крык яе смяяўся:

— І нашто табе той Бог твой здаўся?

Там яму ужо на небе млосна

Ад кантычак ад тваіх жалосных.

Падхалімства, гэта ж горш ад глуму,

Калі ён разумны. Ты ж падумай,

Пачалі б мяне хваліць, як Бога,

Не сцярпеў бы здзеку я такога!

Ў падхалімстве праўда не днявала,

А нашто яму твая пахвала?

Дапамогі просіш — то ж дарэмна,

Да падмогі ён, відаць, не кемны,

Не памог табе ні ў чым, ніколі,

І прасіць яго не трэба болей.

Так і кідала дзяцей: то к Богу,

То да кніг, да спеву маладога,

Да аркестра бацькаўскага ўвечар,

Маці уздыхала каля печы,

Потым і сама к ім прыставала

І кантральта нізкім падпявала.

У далёкім Панямунку, ў вёсцы,

Вырасла яна і на палосцы

Бедака Бусілы жала жыта.

А спяваць умела знакаміта!

І таму спявала у касцёле

Ў хоры, пры аргане штонядзелю.

Ксёндз заняўся здольнаю дзяўчынай,

Пад апеку ўласнай гаспадыні

Здаў яе. Бо голас гэткі мела,

Што аб ім ўжо слава загудзела:

— Бусілоўна! Талент! Дар багаты!

Слухаць яе йшлі усе штосвята,

Бо плыў голас, злучаны з арганам,

Нібы срэбны звон раскалыханы.

Вось адтуль была ў яе і вера,

Расчыніў касцёл дзяўчыне дзверы,

Ксёндз гардзіўся звонкай яе славай.

Толькі бацька, стройны, кучаравы,

Падвярнуўся і павёў к алтару —

Гонар вёскі ўзяўшы сабе ў пару.

Бацька быў бунтар. Не зносіў ўлады

Царскай, панскай, боскай... Да упаду

Спорыць мог, што, каб народ падняўся,

Ад улад тых толькі б пыл астаўся,

І не мог ён зразумець, навошта

Жывіць люд брыду сіл творчых коштам.

Як вясна ламае лёду крыгі —

Сон народны хвалявалі кнігі

Аб грымотным рэвалюцый гудзе,

У якім здабудуць волю людзі.

Бацька ледаход той шчасны славіў,

Костачку на стол пры лямпе ставіў.

А яна чытала з палкім ўздымам,

Што свабода ўспыхне над Радзімай,

Як зара цудоўная на ўсходзе,

Калі воля зоймецца ў народзе.

Маці толькі грудзі перахрысціць:

— Што ты толькі робіш, антыхрысце!

Да чаго дзяцей сваіх даводзіш?

Веру ўжо украў у іх, як злодзей,

А цяпер бухторыш проці ўлады?

Як мірыцца мне з табою, гадам?

А да бацькі ўдзень, і нават ноччу,

Шоў народ сялянскі і рабочы

За жывым і друкаваным словам,

Дух будзіў ў людзей іх лёс суровы,

Дык шукалі іншай долі весняй

Ў шчырым слове, у агністай песні,

У жывой спагадзе чалавечай,

Што гасіла смагу і пустэчу.

Можа, пушча гоман той скрывала,

Можа, здрада там не начавала,

Толькі бацька, ўвесь як звон свабоды,

Шырыў працу, не праз дні — праз годы.

Ён казаў: народ пазбудзе гора,

У свабоды ясныя прасторы

Ўвойдзе ён. Ў яго не будзе пана,

І цару не будзе ён падданы,

І ні ксёндз, ні поп, ні прыстаў люты

Ліць не будуць ў мозг яго атруты.

Нібы сонца блісне бляск свабоды

Над гаротнай доляю народа.

Да ляснічага дайшло, што ў лесе

Часам чутны гукі вольных песень,

Што на сходках дух там вельмі вольны,

Што чытаюць кніжкі там супольна,

Што аб’ездчык — бунтаўшчык.

Ну, словам,

У ляснічага ўжо план гатовы,

Трэба неспакойнага пазбыцца:

Выклікаюць бацьку у лясніцтва...

*

Шмат, ой, шмат бясхлебнікаў ты знала,

Любая Радзіма! Іх нямала

Блукала па траскіх тваіх гацях...

Дзве фурманкі, вось і ўсё багацце,

Бурая карова каля возу,

І сям’я уся ідзе абозам.

Ў Сугвазды з пагоркамі і глінай

Лёс сям’ю аб’ездчыка закінуў.

Вёскі, вёскі... Вузкія палеткі,

Могілкі, жыцця былога сведкі,

Ржа паела на крыжах жалеза,

Між крыжоў — кусты крывыя бэзу,

Белы пыл узносіцца за возам,

У гаях плакучыя бярозы,

Вось і дом. Малы садок за хатай,

Паміж яблынь, сліў і груш кашлатых

Ўстаў маліннік, нібы шчотка, густа,

Град пяток з маркоўкай і капустай,

Апляцёных буйнаю макрыцай,

Лебяда над ёю серабрыцца.

А за домам сажалка у гліне,

Ўся ў зялёнай, дробнай, вязкай ціне,

Карасёў у сажалцы багата,

Аер свеціць шышкаю касматай.

Там канава. Над канавай кладка,

Новы шлях. Усё пачні спачатку...

Новы пан. І новы быт, бяднейшы,

Стаў аклад яшчэ намнога меншы,

Значыць, нэндзе гляне ў вочы зблізка.

А у хаце — новая калыска,

Ўвосень нарадзіла маці Ядзю

Ў новай хаце, пры бязлістым садзе.

Дом пусты, халодны, як стадола.

Была Ядзя, як былінка, квола,

А з Каляд не стала ўжо і хлеба.

Маці больш не турбавала неба,

Не прасіла міласці у Бога,

Не жадала бацьку лёсу злога

За бязбожнасць. Як маглі, абое

Ваявалі з горам і бядою.

Эдзік у Ашмянах быў у школе.

Стася у Валожыне. Тут болей

Зручна, бо бліжэй усё ж дахаты.

Малышовай Костачка важатай

Стала. Іх сама яна вучыла,

Хоць сама у школу йшчэ хадзіла.

Не даваліся задачкі Іне,

Возьмецца рашаць — і тут жа кіне,

А вучыцельніца — бо малая,

Навучыць не ўмее, толькі лае.

Віця да задач быў вельмі здольны,

Толькі вочкі свецяцца свавольна,

Спрытна вывучае ён таблічкі,

Хоць малы, хоць ростам невялічкі

І гадамі надта йшчэ не сталы —

Да навукі вельмі быў удалы.

Костачцы было нярэдка трудна,

Хоць была дзяўчынка не маруднай,

Памагчы, бывала, трэба маці

Ў гаспадарцы, і прыбраць у хаце,

І вучыць, ды і самой вучыцца,

Пасядзець таксама пры сястрычцы,

І у кніжцы, утапіўшы вока,

Плыць у край якісь другі, далёка...

Аж сварылася нярэдка маці:

— Карасіны шмат ідзе у хаце,

Не палі агня да позняй ночы!

Не сляпі над кніжкай дарма вочы,

Не паненка ты, не у палацы,

Прывучайся змалку лепш да працы.

І нашто ёй кніжная навука?

Не умее ўзяць іголку ў рукі,

Ні зварыць, ні хлеб спячы. Павінна

Прывыкаць да гэтага дзяўчына.

Гувернанткаю табе не стацца,

За касу і серп пара ўжо брацца!

Костачка дзіця сядае гушкаць,

А на ложку кніжка пад падушкай.

Костачка гусей пагнала ў выган,

А пад пахай, як заўсёды, кніга.

Костачка пасе карову ў полі:

Тут святла і часу ўжо даволі!

Маці ёй нясе сняданне ранкам,

То аладкі з ложкай падсмятанку,

То часамі бульбяныя дранкі,

Смажаныя ў здоры, без смятанкі,

То кусочак хлеба з белым салам...

Сонейка над лесам толькі ўстане,

А Красуня языком сцінае

Ўсцяж траву. А Костачка чытае:..

Маці скажа: «Еш, мая Кастуся».

Сядуць побач. Ў беленькім абрусе

Хлеб, бліны... Карміць пастушку трэба,

Ёй нясуць кусок найбольшы хлеба,

Бо ж яна устаць павінна рана,

Калі сон салодкі, як мядзвяны,

Клеіць вейкі ў яе, нябогі,

І устаць няма ніякай змогі.

А усё ж ўстае, бо ўстаці трэба.

На дварэ хмурнее змрочна неба,

Халадок бяжыць па сонным целе,

Жаўрукі адны ужо запелі,

Маці йдзе з падойнікам з аборы:

— Выганяй Красуню, дзеткі, скора!

Сонейка узыдзе, пацяплее...

Костачка ідзе, а ногі млеюць,

Не ачнулася яшчэ дзяўчынка:

Вось паспаць яшчэ б хаця хвілінку..

За дарогай цёмны гай дубовы —

Костачка вядзе туды карову,

Срэбная раса ёй студзіць ногі.

Пень шырокі ўстаў каля дарогі,

Навакола бульбяное поле.

Жорсткая трава ёй ногі коле...

Села каля пня, раскрыла кнігу

І, як вязень, скінуўшы вярыгі,

Паплыла ў цудоўным спеўным ладзе

Нібы пчолка залатая ў садзе

Сярод кветак, дзе, як кроплі мёду,

Ззяюць словы дзіўнай асалодай...

Бацька мякка часам маці кажа:

— І нашто ты дзецям рукі вяжаш?

Хай сабе чытаюць, калі хочуць,

Кніга ім на свет адчыніць вочы.

Кніга — то ж асвета чалавеку,

Цяжка жыць на свеце неумекай.

Год прайшоў.

Памерла раптам Ядзя.

Нібы красачка завяла ў садзе.

Вочкі сінія свае самкнула

І навек, маленькая, заснула.

Першы раз у хаце смерць гасціла,

Першы раз там клалі у магілу

Роднае, сваё і дарагое.

Костачка спазналася з тугою:

Смерць маленькае сястрычкі мілай

Знойкім болем сэрца апаліла.

Таямніца смерці. Ўстаўшы блізка,

У душы адмецілася рыскай...

Колькі потым стала там адмецін!

Колькі гора прыняла на свеце.

Першая найбольш была балючай,

Успамін аб ёй найболей мучыў.

Летам Эдзік, радасны, вясёлы,

На вакацыі прыехаў з школы,

Ехала на лета ў хату Стася.

За сталом уся сям’я сышлася.

Бацька цешыўся з таго бясконца,

Добры твар яго свяціў, як сонца,

Гутаркі вяліся там аб школе,

Працаваць хадзілі ўсе у поле,

Вечарамі зноў спявалі песні.

Водгукі далёка спеў той неслі.

І пад цёмным небам калыхалі...

А над хатай цёпла зоркі ззялі.

Голад, нэндза, вечная нястача,

Лёс цяжкі, затурканы, жабрачы.

Кожны пан, хто толькі сілу мае,

Над табой што хоча вырабляе,

І усё ж сплывае хмара гора

Пад любоўны рокат разгавора.

Так і бацька. Ён з дзяцьмі шчаслівы,

Ён вясёлы, смешна-жартаўлівы,

І за стол са смехам дружна сядуць:

У мундзірах бульба — на парадзе,

Агуркі салёныя з кадушкі,

Дранікі — як пухлыя падушкі,

Падсмятанак к ім, гэта мяшанка

Малака пракісшага з смятанкай.

Стол не пышны. Весялосці ж колькі!

Бульбіну разрэзаўшы на долькі,

Рэжаш агурок, слязісты, гостры,

Пах карэнняў аж свідруе ноздры,

Еш яго, халодны, слізкі, сочны.

На стале красуюцца два кочны

Кіслае капусты — жоўтай, смачнай,

Ліст празрысты, сокамі прасячан,

Еш, і хочацца бясконца есці,

Толькі больш жывот ужо не месціць.

Костачка закончыла ўжо школу

Пачатковую. Не мог пасёлак

Даць ёй шыршыя за гэта веды.

А на вёсцы раптам да суседа

Сын, студэнт, прыехаў, рад — не рады,

Выгнан з інстытута царскай ўладай.

Бунтаваць задумаў і за гэта

Пад надзор папаў да бацькі летам.

Быў Вінцэсь разумны і гарачы,

Ўвесь агонь душы сваёй юначай

Ён аддаць хацеў свайму народу,

Барацьбе за шчасце, за свабоду.

Сам прабіўся хлопец да навукі,

Голаў залатую меў і рукі,

Ў вёсцы стаў вучыць дзяцей і сталых

І да бацькі заглядаў, бывала.

Зноў лістоўкі, зноў у лесе сходкі.

Хоць абоіх лёс не быў салодкім:

Сваё шчасце бачачы у гэтым,

Шырылі вакол сябе асвету.

З Костачкай Вінцэсь заняўся зразу.

Маці ўжо не шкадавала газы,

Бо вучыцца прагнула дзяўчына.

Йдзе урок. За крэслам, ззаду, Іна,

Сочыць за сястрой бліскучым вокам,

Не прапусціць ні здзябла з урока.

Каля Іны і маленькі Віця,

Не уступіць ён нікому ў спрыце.

І у лёт ён ловіць мудрасць ведаў.

Юркі хлопчык, мілы непаседа.

Бацька рад. Ён сам, здаецца б, неба

Прыхіліў, каб толькі ведаў хлебам

Накарміць дзяцей. Сам ледзь пісьменны,

Ён прычынай долі сваёй дрэннай

Бачыў, што народа да навукі

Не пускаюць ўлады царскай рукі.

А народ увесь, то ж гэта сіла!

Каб яго навука акрыліла,

Дзе ж тае магчымасці граніца,

Ды чаго змаглі бы мы дабіцца!

А ў царовай ўладзе павучынай

Талент весь народны марна гіне.

Колькі ж геніяў зямля не ўбачыць

Ад таго, што люд сляпец нязрачы,

Што яму навукі сонца скрыта,

Што ён цёмны і навек забіты.

*

Бедны тата! Вось бы ты дажыўся,

Калі гэткі далягляд адкрыўся

Усяму, зямлі тваёй, народу...

Калі сонца узышло свабоды,

Калі служыць нам усім навука,

Даючы народу веды ў рукі.

Вось усцешыўся б ты, бацька мілы,

Ўстаўшы сёння з цёмнае магілы,

Ты бы зліўся з нашым гонкім рухам,

Нашым дням ты быў бы блізкі духам.

*

Дома шмат яшчэ бывала спораў:

— Мы з Кастусяй набярэмся гора,

І нашто навука ёй, дзяўчыне,

Выйдзе замуж, будзе гаспадыняй,

А яна нічога не умее...

Костачка ж, як летні дзень, яснее,

Вучыцца, грызе граніт навукі,

Веды самі йдуць дзяўчыне ў рукі,

І Вінцэсь здаволены надзіва

Вучаніцай здольнай і руплівай.

Ёй адзінаццаць гадоў. Нямала

Яна розных кніжак прачытала,

Пасучы гусей, кароў улетку.

Плакала над кніжкаю нярэдка...

Альбо громка, ўстаўшы ў полі ў позу,

Вершамі здзіўляла вербалозы.

Эдзік з ёю быў надзіва дружны

У занятках з кніжкамі напружных.

Яны разам удваіх чыталі,

Нават маму слухаць прымушалі,

І яна ўжо слухала з ахвотай

Вечарам, закончыўшы работу.

Костачка пісаць пачала вершы.

Ды ніхто не бачыў спроб тых першых,

Бо яна у столік іх хавала

І той стол на ключык замыкала.

Здарыўся у бацькі траф шчаслівы:

Ён натрапіў дзесь на «Нашу ніву»,

Нашу, беларускую газету.

Ён прынёс дамоў, як шчасце, гэта:

— Бачыце, на роднай нашай мове

Вершы і артыкулы, аповесць,

Як гучыць па-роднаму, прыгожа,

Кожны зразумець усё тут можа.

У газеце той быў верш Купалы.

Костачка уголас прачытала,

І такі быў просты ён і блізкі,

Нібы тая песня над калыскай,

Толькі не ўсыпляе, але будзіць

І аб чымсьці новым кажа людзям,

Коласа там вершы гучна плылі,

І яны як бы са сну будзілі —

І вялі кудысьці сцежкай вузкай

Да шырокай долі беларускай.

Першы раз так проста, шчыра, смела

Муза беларуская ім пела

І, крануўшы сэрца нотай шчырай,

Клікала ў якісь далёкі вырай

З душнае, гаротнае цямноты

Ў стромкія і трудныя высоты.

Эдзік з Костачкай сядзелі ціха,

З воч луналі жаркія успыхі,

Ім здавалася, лягла ў разлогах

Вольная, шырокая дарога,

А народ ідзе па ёй да мэты —

Родным словам ветла абагрэты...

Костачка ўзяла пяро, і словы

Паліліся самі. Роднай мовы

Хвалявалі сэрца яе гукі.

Першы раз пяро ўзяла у рукі,

Верш той загучаў радзімай мовай,

Цёплым, свойскім беларускім словам,

Эдзік аж падскочыў: «Гэта ж дзіва!

Дай, пашлём яго у «Нашу ніву»!»

— У газету нашай Беларусі?

Не пашлю я, Эдзя, я баюся,

Гэта ж толькі спроба, і не болей,

Не адважуся паслаць ніколі!

— Я пашлю! Я сам пашлю, Кастуся,

Я пад тваім вершам падпішуся,

Сам пашлю яго! — Вось гэтак першы

Ў «Нашу ніву» быў пасланы вершык.

Колькі ж радасці было у хаце

Бацьку, дзецям, нават строгай маці,

Калі з Вільні к ім прыйшла газета,

Дзе быў надрукован вершык гэты.

Костачка ў канец яго зірнула,

Там стаяла коратка: Э. Буйло.

Радасна крычаў, смяяўся Эдзя,

Бегаў ён з газетаю к суседзям:

— Я малы, а стаў ужо паэтам!

Праўда, то не я, то... Костка гэта.

 

Час ідзе. Растуць памалу дзеці,

А ў бацькоў з вачэй не радасць свеціць,

Бо ўсяго штодзень, то болей трэба:

Кніжак, вопраткі, абувы, хлеба.

Ціснуў пан, бо слух дайшоў да пана,

Што аб’ездчык даў суччо сялянам

Падбіраць у лесе, ў той карысці

Дровы даць людзям і лес ачысціць.

Пану той карысці было мала:

Дроў купіць бы грошай каштавала!

Тут жа вы ім дарма далі дровы!

Хто такую даў вам установу?

Зноў фурманкі. Зноў той скарб жабрацкі

На вазах, па гацях б’ецца траскіх,

Ў Вішнева, на новую пасаду.

Адравонж — у зелені прысадаў

Новы дом,— а ўся бяда старая,

За сям’ёй, як дамавы, блукае.

Новы пан, пыхлівы, хамаваты:

— З хлопэм не бондзь, пан, за панібрата,

Хлоп ест хлоп, а пан ест панскі слуга,

З шляхціцамі то юж справа друга...

А ты стой прад ім і слухай гэта,

Ад распусніка, ад прайдзісвета,

Калі сам ты «хлоп» і за знявагу

Даць адпор няма ў цябе адвагі,

Бо дзяцей ў цябе паўнютка хата,

Бо ты бедны, ён жа, гад, багаты.

Ты без хаты, ён жа у палацы,

Ты слуга, а ён твой «хлебадаўца».

І прывык той вылюдак адвеку

Хлопа не лічыць за чалавека.

Ў прошлае сышоў год бурны, пяты,

Што затрос пасадам можнай шляхты,

Дык цяпер яна сядзела смела,

Бура больш грымотна не гудзела,

Затаілася яна да часу

У грудзях гаротнай «хлопскай» масы.

*

Вылет маладых з гнязда пачаўся:

Першаю пайшла на службу Стася,

Год пятнаццаць усяго было дзяўчыне,

Калі ў двор ўзялі за ахмістрыню,

Каб хоць крышку дом свой падтрымаці.

Пасмутнела без яе у хаце,

Добрай бо была. Усіх любіла,

Цёплае душы вялікай сілай,

Ўсім была падмогай і апорай,

Даглядала скрыўджаных і хворых,

К ёй усе гарнуліся у хаце,

Ўсім малым яна была за маці.

Колькі раз віну сястры ці брата

Возьме на сябе: «Я вінавата...»

І такую вытрымае буру,

Як лазінка ад ліхой віхуры...

Костачка ішла за Стасяй следам.

Ой, ніхто не чуў, ніхто не ведаў,

Як было дзяўчынцы часам цяжка,

Бацькава старэнькая сярмяжка,

Што за коўдру доўга ёй служыла,

Колькі слёз ты пад сабою скрыла:

І за ўсіх душа яе балела,

Яе бацька, вольны, шчыры, смелы,

А яму і ёй вядомы толькі

Яго горкай паняверкі болькі.

Шкода ёй і строгай, хмурнай маці:

Пяць дзяцей гадуецца у хаце.

Гаспадарка ўся ў яе. Увечар

Ног не чуе, не разгорне плечы.

Дзеці вучацца, дык хто паможа?

Толькі уздыхае: «Божа, Божа...»

Эдзік у далёкае Ашмяне

Між чужых, як ліст сарваны, вяне,

Паўгалодны, хоць і тут не сыта,

Не дагледжаны і не абшыты,

Ў пошуках крыху святлейшай долі

Вучыцца ў чужой, далёкай школе.

У школу бегаюць Віцюша, Іна

З хлеба чорнага сухой скарынкай,

У твар ім глянеш, толькі свецяць вочкі,

Ў Віценькі — бы ў полі васілёчкі,

Нібы вішанькі, у смуглай Інкі:

Шкода брата і сястры-дзяўчынкі.

Пехатой ідуць у муць мяцеліц,

Вецер снег ў вірах шалёных меле,

Набівае рукавы, кішэні,

За каўнер піхае снегу жмені,

Прапаўзаюць цераз гурбы, долы,

Бо ж не блізка, бо далёка школа.

І дзяўчына выхаду не бачыць,

Часта горка і надрыўна плача.

Памагчы нічым яна не можа,

Гора блізкіх сэрца ёй трывожыць

І хвалюе думкай недзіцячай,

А яна маўчыць і толькі плача.

— Бедны ты, ох, бедны, родны тата,

Так і гнуцца век перад багатым,

Так і жыць нявольнікам бяздольным.

А душой ты ж проста сокал вольны!

Як жа цяжка жыць табе, такому,

Без куска зямлі сваёй, без дому,

Прадаваць сябе за хлеб той чорны.

*

Ў Вішнева, ў малы дамок пры садзе,

З Вільні к маці прыязджала Ўладзя.

Рыхтавалася к спатканню маці,

Дым ішоў каромыслам у хаце,

Едзе Ўладзя, донька дарагая,—

З радасці хвалюецца старая,

Костачку па твары дробным гладзіць:

— Ты яшчэ не знаеш маёй Ўладзі!

Яна ў Вільні, вучыць дзетак малых,

Хоць да школьніцы сама падобна.

Маладая, ёй семнаццаць будзе,

А за ўзрослую ўжо лічаць людзі.

Костачка ў дом гэты ходзіць часта,

У садку, пад ліпаю купчастай,

Вучыцца чытаць там па-французску,

Шмат у гэтым доме кніжак рускіх,

Іх таксама Костачка чытае.

Тут яна душой адпачывае,

У Эмільі Юльеўны заўсёды

Слова добрае. І ёй не шкода

Траціць часу на дзіця чужое.

Яна садзіць Костачку з сабою

І урок вядзе штодзень заўзята,

Удзячнасць дзеўчынкі — уся ёй плата.

Бо нічым аддзячыць больш не можа

Костачка! І гэта не трывожыць,

Бо Эмілья Юльеўна прывету

Не шкадуе для дзяўчынкі гэтай.

І калі у час яна не прыйдзе,

На сустрэчу ёй старая выйдзе,

Ёй у той час не сядзіцца дома,

Йдзе паціху сцежачкай знаёмай,

Йдзе і ціха, скрушна уздыхае:

— Дзе ж яна, мая Кастуся тая?

І ў яе быў горкі лёс сірочы:

З Францыі у пошуках работы

Ехала ў наш край к чужым дзяўчына

Боннаю к панам. Была павінна

Быць слугой разбэшчаным панятам.

Цяжка беднаму паміж багатых!

Цяжка зносіць іхнія капрызы,

Цяжка ўладжваць ўсе калізы,

Цяжка так вучыць панят, каб словы

Лезлі самі ў вушы і галовы

Гультаям, як лезе хлеб у зубы.

Пан ліслівы. Пані лае груба.

Ой, цяжкі ў чужыне лёс сірочы,

Колькі слёз было праліта ўночы,

Толькі ноч ды белая падушка,

Дзеўчыны адзіная падружка,

Слухала і плач і скаргі тыя,

Болем, крыўдай, горам налітыя.

Між чужых, яна усім чужая.

Каму скажа? З кім паразмаўляе?

І народ навокал незнаёмы,

Што гаворыць мовай невядомай,

Людзі ўсе, як ледзяныя крыгі,

Гаварыць? А як? Хіба на мігі.

А краса ж яе была надзіва:

Вось таму і быў той пан ліслівы,

Тонкі стан, як яблынькі у цвеце,

Белы тварык, люба паглядзеці,

Чорных кос густых жывая хваля

Ўсю яе да долу закрывала,

Пышныя, курчавыя, густыя,

Аж хісталі ёй цяжарам шыю.

З чорных воч, у доўгіх веек ценю

Ўсцяж плылі лагодныя праменні,

Ад красы тае у поўным цвеце

Аж святлей рабілася на свеце.

Мо таму і сталася, што ўрэшце

На Эмільцю ўздзелі ўбор нявесцін

Стала жонкаю яна, з ахвотай

Гэткага, як і сама, бядоты,

Што аб’ездчыкам служыў у пана

І ў яе быў моцна закаханы.

Як яны дамовіліся толькі?

Як раскрылі душ сірочых болькі?

Гаварыў жаніх па-беларуску,

А нявеста толькі па-французску,

Толькі стала ўжо усім вядома,

Што жыве Эмільця ў сваім доме,

Любіць муж яе — як сонца росы,

Свеціцца пры ёй, русавалосы,

Ля сваёй прыгожай гаспадыні,

Сваёй жоначкі, сваёй княгіні.

Ў гэтым доме, пры зялёным садзе

Нарадзілася дачушка Ўладзя,

З сінімі, як васількі, вачамі,

З светлымі, як промні, валасамі,

А з крывёй — зусім небаларускай,

І душой гарачаю, французскай.

Падрастала дзеўчынка прыгожай,

Тварыкам малым да маці схожа,

І нікому не удасць у спрыце,

Толькі вочкі — васількі у жыце,

Толькі косы, льноў на сонцы ззянне

Толькі твар, як неба на світанні.

Вось цяпер яна прыехаць мусіць,

І Эмілья Юльеўна Кастусі

Пра усё пражытае гаворыць.

А ўжо вечар сходзіць на падвор’е

І зара апошнія прамені

Кідае на ліп вяршыні жменяй.

Аж прыцьміліся вяргіні ў садзе,

Калі дзверцы адчыніла Ўладзя,

Белая, як з мармуру, дзяўчына.

Буйных кос курчавая лавіна

Золатам асыпала ёй плечы.

Вочы галубень, гараць, як свечы,

Вусны, як чырвоныя каралі,

Так усмешкай мілай і зайгралі,

Расквітнелі полымем ружовым.

Музыкай запелі яе словы.

Костачка замерла ў скромнай позе

Ля шклянога ганка, на парозе.

Смеласці яе як не бывала,

Як сіротка, у цяні стаяла.

Раптам ёй чамусьці так здалося,

Што чужая тут яна. Што досыць

Жыць ёй тут, чужую красці ласку,

Ўладзя вось, як кветка, нібы краска,

Як звярнуцца к ёй, такой прыгожай?

Ці ж дружыць са мной такая зможа?

Маці косы Ўладзі шчасна гладзіць:

— Пазнаёмся з Костачкай, Уладзя,

Вучаніцаю маёй руплівай...

Ўладзя глянула зусім зычліва,

Падала руку з прыветнай ласкай,

Костачцы усё здаецца казкай.

Ёй святлей зрабілася у садзе

Ад прыязнае усмешкі Ўладзі,

І яна ўжо болей не дзічыцца,

Сэрца яе ў словы хоча ўліцца,

Словы цёплай, шчырае падзякі

За дабро, за ласку...

Ночы знакі,

Зоры густа зацвілі у небе,

Костачцы малой дамоў йсці трэба,

Яна ж сэрцам прырасла да Ўладзі,

Што лагодна плечы яе гладзіць.

Ў яе косы залатой каронай,

Погляд нейкай думкай праяснёны,

І стаіць — спакойная, як ціша,

Толькі вольна і глыбока дыша.

Ой, прыгожая, як мальва ў садзе,

У той час была дзяўчына Ўладзя.

Праз красу квітнеючага цела

Светлая душа яе глядзела

Зрокам, поўным ззяння і задумы.

Гэтак рэчка ў сонцы льецца з шумам,

Гэтак бор, абліты дзіўным ззяннем,

Дыша пахам свежым на світанні.

Ў Костачкі чамусь замерла сэрца,

Быццам будучнасць раскрыла дзверцы

І прадбачаннем дыхнула ў грудзі:

Другам верным табе Ўладзя будзе.

І тады, калі у цяжкім горы,

Ляжа на цябе навалы змора,

І тады, калі асудзяць людзі,

Моцнаю апорай яна будзе.

І тады, калі дарогу страціш,

Калі бура паламае гаці,

Вывядзе цябе на шлях, да мэты,

Вернай, чыстай дружбы промень гэты.

Калі згубіш веру, згубіш сілу,

Калі шчасцем здасца мрок магілы —

Дружба гэта непахісным ззяннем

У сцямнелы зрок твой ясна гляне.

Калі мрок густы счарнелай ночы

Аж да дна налье цямнотай вочы

І знямее дух ад цяжкай мукі,

Яна з цемры выведзе за рукі,

Шлях пакажа...

Костачцы здалося,

Што ўсё гэта ў сэрца ёй лілося.

*

А жыццё за горла брала дома.

Ні адной сцяжыначкі відомай,

Як пазбыцца тых умоў драпежных?

Як устаць на ногі незалежна?

Бо ўжо лепей легчы ў дамавіну,

Чым глядзець, як бацька ломіць спіну,

Чуць, як долю праклінае маці,

Калі хлеба не хапае ў хаце.

Не стае абутку і адзежы,

Жаласць сэрца, як нажамі, рэжа,

І кусок не йдзе табе у горла,

Толькі охнеш: «Лепш бы я памёрла!»

У гэты час, цяжкі ён быў бясконца,

Ўладзя душу асвяціла сонцам:

— Едзем ў Вільню! Слухай маёй рады,

Там напэўна знойдзецца пасада,

Працаваць там будзеш і вучыцца,

Рыбінай аб лёд дакуль тут біцца?

Едзем да мяне! Не маю лішку,

Пажывеш, аднак, да працы крышку,

Там, глядзіш, і ўзнімешся на ногі.

Кожны варт ў жыцці свае дарогі!

Вільня, Вільня, горад Гедыміна,

Шлях жыццёвы пачала дзяўчына,

Зтуль у свет вялікі, свет шырокі...

Ты й сягоння устаеш у воку

Шпілямі сваіх высокіх вежаў,

Чую бэзу пах цудоўны, свежы

Ў тваіх парках, у садках пры хатах.

Чую шум твой радасны, узняты.

Вілія! На залатыя плёсы

Кінула ты ручаіны-косы.

З Замкавай гары відаць далёка!

Вуліцы, завулачкі навокал.

Ў цэнтры — ў неба ўбіліся гмахі,

Распасцёршы, нібы крыллі, дахі

Ў небе сінім, ясным і прасторным.

А далей, стуліўшыся пакорна,

Паміж дрэў скуколіліся хаты,

А над імі сосны ўверх узняты,

А ля іх кусты густыя бэзу

Веццямі у вокны хатак лезуць.

Костачка прыехала да Ўладзі

У хату гэткую ў цяністым садзе,

Дзе кусты улазілі ў вокны.

Дождж снаваў слюдзяныя валокны,

Восень скінула убор зялёны

З бэзу. Толькі між ствалоў чырвоных

Соснаў, нібы промень лета,

Блукаў клён, у чырвань ўвесь адзеты.

Увайшла. Ў пакоі шмат галовак...

У каго пяро, ў каго аловак,

У каго буквар, у іншых кніжка.

Ўладзя крэйдай словы дзецям піша,

На шырокай школьнай, чорнай дошцы

Словы белыя на чорнай плошчы.

Уладзя, скончыўшы свае заняткі,

Костачку вядзе ў другую хатку,

Дзе ў яе пакойчык невялічкі.

Пад акном вяргіні, быццам знічкі,

Жоўтыя галоўкі паўзнімалі

І ў акно лагодна заглядалі.

У пакоі столік, крэсла, ложак,

Табурэтка з скрыўленаю ножкай.

На стале — і булка і вяндліна,

Частавала Костачку дзяўчына,

Прынімала як сястру, як друга,

Ўладзя новую сваю падругу.

А назаўтра — трэба йсці у людзі,

Дзе ёй праца будзе — ці не будзе...

Адчыняе яна скромна дзверы.

Усюды пішуць... Шмат, відаць, паперы,

Шчоты стукаюць... Грымяць машынкі...

Гарманіст так йграе без замінкі,

Як грыміць дзяўчына на клявішах

І, не гледзячы на знакі, піша.

Костачка звяртаецца нясмела

Да начальніцы у блузцы белай,

Што сядзіць у ясным кабінеце.

Цар над ёй з царыцай на партрэце...

Стол вялізны, а на ім убранне,

Аж ідзе з яго у вочы ззянне.

Працаваць? А што яна умее?

Не, у нас няма для вас надзеі,

Спец’ялістаў нам, бывае, трэба...

Што ж, на свеце болей рук, як хлеба...

Костачка ідзе і ног не чуе.

Дзень прайшоў, яна усё вандруе.

Два прайшлі, яна не знойдзе працы,

А навокал гордыя палацы,

Там жывуць другога складу людзі,

Так яна ніколі жыць не будзе.

Выйдзе, толькі слёзы уцірае,

Хто, за што бяздольную карае,

Непатрэбна ты, відаць, нікому —

Так і тут, як там, у родным дому.

Ўладзя дух падтрымлівае ў Косці:

— Ляж! Спачні! — лагодна гэтак просіць

І кладзе яе на ўласным ложку.—

Вось табе кілбаскі з хлебам трошкі,

Зараз будзем смачна мы абедаць...

Ўладзя! Ўладзя! Ці магла ты ведаць,

Як твая любоў, твая спагада

Яе сэрца напаўнялі ладам...

Бо ж вакол была бяда, пустэча.

Да цябе яна ішла штовечар,

Ўся напоўнена тугой балючай,

Так яе людскі той холад мучыў,

Абыякавасць да яе долі.

Ёй не вынесці таго ніколі,

Каб не ты, цудоўная падруга,

Ты адна была ёй ў горы другам.

Мо і доўга б так яшчэ вялося.

Уладзі й тут дапамагаць прыйшлося,

За яе падмогай і парадай

Атрымала Костачка пасаду

Ў вёсцы Чаўшклі, ў беларускай школе.

Ёй нічога і не трэба болей!

Яна зможа быць карыснай людзям!

Як жа працаваць яна там будзе!

Чаўшклі. Вёска, дваццаць хат пад лесам.

Лес густы галінамі навесіў

Чорны цень над хатамі малымі.

Хто яе і як у вёсцы прыме?

Конь маленькі ўвесь ужо у пене.

Ў Костачкі забрызгана адзенне

Глінаю з калёс. Вакол балота.

Ад таго і конь пакрыўся потам.

Чамадан падскоквае у возе,

А вазніца ў яўнае трывозе —

Мост магло дажджом ля вёскі знесці,

А аб’езд — гані яшчэ вёрст дзесяць.

Мост на месцы. Конь паўзе паціху.

Ў вокнах — аганькоў вясёлых ўспыхі.

А яна на холадзе астыла.

Лес шуміць панура і няміла.

Дзесьці брэшуць нехаця сабакі.

А у лужах свецяцца, як макі,

Зоры. Як жа ясна яны свецяць!

Як яе там прымуць, як прывецяць!

Дом чужы сваім ёй будзе домам,

Між людзей чужых і незнаёмых...

З моста конік на узгорак пнецца,

Як жа жыць цяпер ёй давядзецца?

Ой, халодныя на свеце людзі,

Як жа жыцца ёй між імі будзе?

Колькі слёз ёй Вільня каштавала,

Дарма там парогі абівала

Ў пачуцці нялюдскім і ганебным:

Ты нідзе, нікому не патрэбна.

Ўжо па вуліцы гручыць фурманка,

Ўжо вазніца скіраваў да ганка,

Воз накрыла чорным ценем хата

Ад страхі абвіслай і кашлатай.

А яе, «прадстаўніцу навукі»,

Паднімае дзядзька той на рукі,

Як дзіцёнка. З хаты насустрэчу

Цётка: — Вас чакаем цэлы вечар.

Дык заходзьце ж.— Плашч з яе знімае

І пуховай хусткай атуляе:

— Мусіць, змерзлі? Бо ужо не лета,

Ахініцеся хусцінкай гэтай.

І вячэра ўжо у нас гатова...

Костачка сказаць не можа слова,

Ёй так добра, так на сэрцы міла.

Чым яна такое заслужыла,

Што жанчына у вясковай хаце

Падышла к ёй, як сястра, як маці...

У будове, каля хаты новай,

Пах настойны ад смалы сасновай,

Доўгі стол і лаўкі навакола.

Гэта і была у вёсцы школа.

Кожны дзень у школу, на світанку,

Дзеці йдуць, чуць блісне золак ранку,

Костачка устане — і багата

Ў ёй снядання...

Ёй прыносяць з хаты,

Кожны тыдзень з іншай — пажыўленне.

Каша тут, бліны, тварог, крупеня,

Боршч, бараніна, кусок свініны,

Свежае, гарачае... Данінай

Гэта йшло ёй за яе навуку.

Хлеб запрацаваны! Песні гукам

Ты ўваходзіш ў нізкай хаткі дзверы...

Ці ты чорны, белы альбо шэры,

Ты смачнейшы ад усіх прысмакаў

З ласкі панскай. Зведаў тое ўсякі,

Хто чужы той хлеб быў змушан есці,

Хоць бы ў бацькі, горш яшчэ у цесця,

Горш яшчэ ў чужых, з жабрачай ласкі.

Горкі гэта хлеб, для горла вязкі.

У школу йшлі малыя з букварамі

І старэйшыя — яны ўжо самі

Па-славянску псалтыры чыталі.

Іншыя ўжо граматна пісалі.

Костачка усіх іх рассадзіла,

На тры аддзяленні падзяліла —

І вучыла, душу ўклаўшы ў гэта,

З нейкім ўзнёслым, радасным імпэтам.

А штовечар ў школу йдуць сяляне.

І у кожнага з іх шмат пытанняў.

Костачка чытае ім газеты,

Ёй хапае часу і на гэта.

З кніжак запазычаныя веды

Дазваляюць ёй вясці бяседы

Аб усім амаль, што іх цікавіць.

І дзяўчыну ўжо па вёсцы славяць:

— Добрая яна, ва ўсім паможа!

Дай здароўя ёй, ласкавы Божа...

Першы дзень смяяліся у школе:

— Ой, настаўніца! Ды дай ёй волю,

Яна ж лялькамі іграцца будзе.

Бо ж малая... Гляньце толькі, людзі!

Вучыць хоча — а сама малая...

А урок прайшоў, малышка тая

Правяла яго спакойна, строга.

Хоць і страх таміў яе, нябогу,

Але, практыку прайшоўшы дома,—

Разгубіцца не магла, вядома.

Ну а потым, усё пайшло як трэба:

Вочы дзетак, сінія, як неба,

Шэрыя, як змрок ці цемень ночы,

Пазіралі ёй напружна ў вочы,

Калі кнігі ім яна чытала

Ці расказвала пра што, бывала.

Год прайшоў, і пачаліся беды:

Прыстаў пра настаўніцу праведаў,

І аб тым, што вучаць там па-руску,

І яшчэ прытым па-беларуску.

Ён прыехаў на урок у школу:

— А чаму тут сцены у вас голы

І няма вялічаства партрэта?

Ў рускай школе вельмі дрэнна гэта...

А за ім наведаўся у школу

Поп, і быў ён вельмі невясёлы:

— Чаму вучні не пяюць малітвы?

А на покуці снапочак жыта,

А на ім сярпок. А дзе ж іконы?

Ксёндз прыехаў, вельмі абражоны:

— Школа. Тут жа католікув многа,

Трэба ж вучняў прыхіляць да Бога.

Катэхізмам іх вучыць у школе.

Свецкіх кніг у шафе ў вас найболей,

А рэлігія, то ж, проша пані.

Так жэ пшэдмет ест до выкладання...

Час ішоў. Усё так-сяк вялося,

І усё ж сысці прыйшлося

З яснай, простае дарогі,

Бо казна не дала дапамогі,

А сялянам падняць школу цяжка.

*

Костачка у Вільні зноў. І Ўладзя

Клапаціцца аб другой пасадзе

І кусок апошні з ёю дзеліць.

Не багата там, вядома, елі,

І не мякка там абедзве спалі,

Толькі дружбы гэтакай не зналі

Ні ў харомах залачоных, графскіх,

Ні ў палацах беласценных панскіх,

Ні ў кулацкім, у багатым доме...

*

Костачка прыйшла у «Нашу ніву»,

Дзе быў надрукован верш шчаслівы,

Што яна калісьці напісала.

У рэдактара ўжо шмат ляжала

Яе вершаў новых. Час ад часу

У газеце яны друкавалісь,

І не нова ўжо было ёй гэта.

Акружылі тут яе паэты

Шумным, радасным сяброўскім колам,

Прывітаннем шчырым і вясёлым.

Паціскалі рукі, аглядалі

І усе, наперабой, пыталі,

Скуль яна бярэ для вершаў тэмы?

Ці чытала іхнія паэмы?

Ці сама паэму мо напіша?

Костачка ад радасці чуць дыша,

Ўся збянтэжанасць адразу знікла,

У абставінах такіх нязвыклых

Адчуваецца яна, як дома,

Ўсе знаёмы, ўсім яна знаёма.

Іх знаёмымі зрабілі вершы:

К ёй Купала падышоў найпершы

І прамовіў: «Ты Буйлянка, мусіць,

Ну, а я Купалаю завуся,

Пазнаёмімся». Схіліўся к долу,

Пацалункам брацкім і вясёлым

Прывітаў яе прыязна, шчыра.

А тады ўжо залатая ліра

Янкі громка, на ўвесь свет гучала,

Костачка ж чуць дыхаць пачынала.

Вершыкі яе звінелі ціха...

Толькі сэрца палкага успыхі

Іх гучаннне цёпла ажыўлялі,

Шчырым тонам вершыкі гучалі,

І таму Купала іх прыкмеціў,

І таму ён Костачку прывеціў,

Нават верш ёй напісаў цудоўны,

Ў друк пусціўшы з прысвячэннем поўным.

Ён рэдагаваў ёй потым кніжку

І пісаў: «Шлі вершаў болей крышку,

Бо хачу, каб тоўстай была кніга.

Ты ж пісаць умееш вершы мігам!»

Так прайшла зіма, вясна...

Улетку

Выйшла кніжка ў свет. «Курганнай

кветкай»

 

Костачка сама яе назвала,

Імя гэтае ўхваліў Купала.

Кніжка сэрца яе акрыліла.

Ці яна калі аб гэтым сніла,

Што паэткай будзе Беларусі?

Калі пасвіла гусей — і гусі

Ёй дзіцячыя шчыпалі ногі?

«Кожны варт ў жыцці сваёй дарогі» —

Так сказала ёй аднойчы Ўладзя.

Сэнс вялікі ў гэтых словаў ўкладзен.

Ў «Нашай ніве» працаваў Бядуля,

Яго вершы беларусы чулі

І аповесці яго чыталі,

Песняра любілі ўжо і зналі.

Хоць ён з Костачкай спрачаўся стала,

І яна Бядулю паважала

За яго зваротак спеўных кола,

Поўных суму і настрояў кволых,

Поўных нейкай радасці тужлівай,

Трапяткіх і палкіх пераліваў.

Цётка там з’яўлялася нярэдка,

Ужо вядомай будучы паэткай.

Яе голас калыхаў, як сполах,

Дух народны ў гарадах і сёлах

І да болю за свабоду клікаў

У нянавісці к панам вялікай.

Костачка ў яе бывала доме,

Цётка, як старэйшая, вядома,

Памагала словам і парадай,

Памагчы і больш была бы рада,

Толькі шмат было ў яе работы,

Ну, а сілы нішчылі сухоты,

І яна усё часцей, бывала,

На тахце, як прыйдзеш к ёй, ляжала.

*

З Вільні кінула дзяўчыну доля

Ў Горны Скробаў, ў тое Дзеўчаполле,

Дзе памешчык Дзеўчапольскі з сынам

Нанялі настаўніцай дзяўчыну,

Каб яна прыгатавала Толю

Ў першы клас гімназіі, не болей.

Ўжо зіма мяце снягі наўкола,

Сад стары у гурбах. Невясёла

Елка цёмная глядзіць у вочы,

Нібы ў хату папрасіцца хоча.

Дом стары. Рыпіць у ім падлога,

Шорах нейкі ў ночы йдзе і скрогат,

Нібы хтосьці напалохаць хоча.

Лямпачка прад абразамі сочыць

За дзяўчыны баязлівым рухам,

Вецер стогнам налівае вуха

І бразжыць галінамі па стрэсе.

Дуб стары сукі свае развесіў

І скрабецца у сцяну украдкай.

А на сценах ў радавым парадку

Мажнай шляхты цёмныя партрэты.

Зброя. Шаблі. Тонкія стылеты

Накрыж роўна да сцяны прыбіты.

Карабін даўгі павіс сярдзіта,

Пара стрэльб, рыштунак тут усякі,

Ўлады панскай грозныя адзнакі.

Дзеўчапольскі сам, стары, з ганорам

З ёй пра продкаў пра сваіх гаворыць.

Удавец. Нядаўна страціў жонку.

Толя — сын, падобны да ўнучонка,

Хлопчык мілы, белы, ясны, жвавы,

Не атручан радавою славай.

Просты быў, уважлівы і мілы.

Костачка хлапчыну палюбіла,

Бо, пазбыўшыся пяшчоты маці,

Ён прыліп лагодна да дзяўчаці.

Костачка (ёй школа, беднай, сніцца),

Хлопцу каб зручней было вучыцца,

Узяла яшчэ дваіх, вядома,

Не сялянскіх, пана аканома,

Двух сыноў ўзяла яна і міла

З захапленнем ўсіх траіх вучыла.

За сталом ў вялізарным пакоі

Толя і другіх тых хлопцаў двое,

А яна ў гарачым упаенні

Пушкіна чытае ім тварэнні,

Выкладае ім літаратуру...

За сцяной памешчык ходзіць хмура:

— Вы з чужымі гэтак жа, як з Толем,

А яму увагі трэба болей,

Бо адзіны я плачу за гэта!

І душа, захопленнем сагрэта,

Нібы кветка на марозе, вяне.

Ёй так прыкра... Панскага задання

Яна выканаць ніяк не можа.

У занятках выдзяляць нягожа,

Гэта дрэнна уплыве на Толю,

Таварыства дух жыве у школе,

Ён павінен роўным быць між імі.

— Вы забыліся! Яго з другімі

Я і не раўняў і не раўняю.

Нават пэўнасці яшчэ не маю,

Ці прыстала быць яму з галотай,

Гэта ж хлопы! Ён жа пан...

А потым,

Вы таксама ведайце: вы ўзяты

Ў дом высокай радавітай шляхты!

Вы настаўніца! За стол са мною

Вас саджу. Дык жа і вам няварта

З хлопамі братацца. З прывітаннем

Вы руку ім падаеце, пані!

Гэта ў маім доме не прыстала...

І прашу вас помніць гэта стала!

Костачцы аж дух у грудзях спёрла.

Словы гневу запяклі ёй горла.

Вочы паляцца п}агнём гарачым.

Ды з абурэння яна не плача.

Толькі выбухам, амаль што крыкам

Рвуцца словы:

— Ласкі той вялікай —

Членам быць сям’і у вас — не трэба!

Праца мне дае кавалак хлеба!

І каму падаць руку — я пана

Не спытаю! Да людзей пашану

Я вялікую у сэрцы маю.

Хто у пана хлеб свой зарабляе,

Хто жыве на свеце ўласнай працай —

Мае права чалавекам звацца!

Слова «хлоп» мне не кажыце болей!

Чула я яго ужо даволі!

І пайшла яна з пакою хутка...

Пан стаяў, і пану стала жудка:

Гэткая маленькая дзяўчына

Слухаць пана ва усім павінна,

А яна — куды там! Разышлася,

Аж гарыць уся, аж затраслася,

І нічога ён тут не дабіўся:

Поглядамі, бачыш, не сышліся!

Але к Костцы быў прывязан Толя.

Пан быў змушан не вязацца болей,

Бо настаўніца хоць самавольна,

А вучыць дзяцей надзвычай здольна.

Ахмістрыня у двары старая,

Аднаго ёй вока не хапае,

На жніве саломай накалола,

Хваравіта і на выгляд квола,

Костачку ўзялася даглядаці.

Шкода ёй было таго дзяўчаці,

Што ў жыццё з агнём вялікім рвецца.

Загарачае ў дзяўчыны сэрца!

Чуць яна засмуціцца, бывала:

Вольнага паветра не хапала,

Ёй прымус той панскі быў не мілы,

Ён у працы ёй апутваў крылы,

Гэта горыччу паіла думы,

Гэта сэрца налівала сумам.

Скажа ёй сардэчна Антаніна:

— Пані вышай быць таго павінна!

А сварыцца з панам — недарэчы!

Семдзесят гадоў лягло на плечы

Ўжо яму. Ну, пабурчыць і сціхне.

Паважае вас ён. Дык не лішне

І старому паказаць павагу.

Ваш жа выбух, на маю увагу,

Гэта порах. Ўспыхне і загасне.

Толькі нельга ўспыхваць так напрасна

Вы па-свойму ўсё рабіце,

А у дробязі — і уступіце.

Па драбніцах бой даваць — дарэмна,

І стары, дальбог, зусім не дрэнны.

Панскіх мух у носе ў яго многа,

Дык не нам перарабляць старога!

Зерне праўды мелі тыя словы.

Костачка зрабілася суровай,

З панам вельмі мала гаварыла

І дзяцей па-свойму ўсё ж вучыла.

Поступы ішлі ў іх на «выдатна»,

Дзеці былі да навукі здатны,

Толя здаў экзамен.

І дахаты

Ехала Кастуся, як на свята,

Каб бацькоў праведаць. Дом пахілы

Быў якісьці сумны і панылы.

Бацька пастарэў. Стамлёнасць маці

Стала яшчэ болей праступаці.

Інка вырасла ужо ў дзяўчыну,

Шчокі свецяць, нібы журавіны.

Віця стаў ужо падлеткам жвавым,

Вочы сінню наліты яскравай,

Вучань ён рамесленае школы,

Як заўсёды, добры і вясёлы.

Стася служыць дзесьці ахмістрыняй,

Горка, цяжка, сумна там дзяўчыне.

Эдзя вучыцца яшчэ ў Ашмяне...

Цёплым, шчырым было прывітанне.

Падарункі Костачка прывезла.

Дзікаватасць у дзяўчыны счэзла,

Яна светла, радасна смяецца.

Бацька — самы блізкі яе сэрцу,

Бацька больш за ўсіх тут рад сустрэчы,

Ля сябе трымае цэлы вечар.

Сто рублёў яна прывезла грошай,

Не было ў яе уцехі большай,

Калі іх дала у рукі маці...

Многа радасці было у хаце,

Шмат навін ад Костачкі пачулі...

А у ночы, калі ўсе паснулі,

Вымкнулася дзеўчына на ганак...

Радасна яна усхвалявана.

А вакол спакой, начная ціша,

Ціха, сонна сад за хатай дыша,

Клён стары лісточкамі шапоча,

Быццам ён прывеціць яе хоча.

А на небе зоркі, зоркі-знічкі

Ёй міргаюць ветла, як сястрычкі.

Месяц серп навесіў над бярозай,

Цень кідаюць нікла вербалозы...

Ноч стаіць. А шорахі і шумы

Заварожваюць, чаруюць думы.

Тут яна ізноў. Ў віры зваротным

Заляцела чайкай быстралётнай...

А куды зноў кіне яе доля

Пасля Вільні, Чаўшкль і Дзеўчаполля?

Дзе палёт яе зноў праца спыніць?

Што нясе дзень заўтрашні дзяўчыне?

*

Даўняе! Ўстаеш ты зморчнай з’явай,

Намяці ўзрываеш ледаставы,

Цёмныя, як ноч, навалы гора,

Калі дні жыцця плылі, як змора,

І душылі мрокам безнадзейным —

Нібы прывід нейкі мрочны, хвейны.

Устае з нябыту год пракляты:

Йшла вайна. Разбуранне і страты...

Немцы напаўзалі, як вужакі,

А пад Рыгай грозныя атакі

Адбіваў наш Эдзік з сваёй ротай...

Хлабыснулі ліўні кулямёта

І прабілі маладыя грудзі...

Больш ніколі весці ў бой не будзе

Ён байцоў сваіх, так сэрцу мілых,—

Лёг юнак ў халодную магілу.

А за ім услед пайшла і Стася.

Верасень дубы у чырвань красіў,

Залаціў ён клёны, вербы, ліпы,

Золатам магілу ёй абсыпаў.

Недзе ў родным беларускім Гродне

Спіць сном вечным Стася і сягоння.

Бацька з смерцю іх не мог змірыцца,

Што ні ноч яму пачалі сніцца

Яго згібшыя без часу дзеці —

І пайшоў за імі бацька трэцім...

Маці доўга йшчэ жыла у Іны,

Працавала горача, няспынна,

Як прыхільніца Савецкай улады.

Поўная вялікае спагады

Да жыцця, што расквітала ўкола,

Выраклася цэрквы і касцёла,

І, забыўшыся пра катахізмы,

Заклікала у гурток марксізма

Ўсіх сваіх старэнькіх адналетак,

Ім сама прачытвала газеты,

І, прыняўшы праўду сэрцам чыстым,

Стала беспартыйнай камуністкай.

Сёння і над ёй шуміць бяроза...

Шмат гадоў яна раняе слёзы

Над яе халоднаю магілай.

Ўжо няма на свеце мамы мілай...

Гляну у той бок — і сумна стане,

Больш вачыма добрымі не гляне,

Да грудзей старэчых не прытуліць,

Ўладнасць, строгасць ўжо даўно мінулі,

Адышлі з жыццём старым ў бяздонне...

А любоў і ласка ў сэрца звоняць

І сягоння радасна і чула...

1951

 


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан