epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Памяць сэрца

У нашай памяці жыве

Год сорак першы, год крывавы.

Час, як рака, плыве, плыве,

Ды не зацьміць ён яркай славы

Тых, што услалі край сабой,

Каб адстаяць жыццё, свабоду,

Радзіму, шчасце і любоў

І ўсё, што дорага народу.

Мы помнім мёртвых і жывых,

Як помняць сына, бацьку, брата...

Пад шумы шоўкавай травы

Спяць нашы смелыя арляты

І нашы гордыя арлы...

За нас іх палягло так многа!

Яны нам выжыць памаглі.

І не забудзем мы нікога.

А сэрца прагне аднаго:

Каб вечны мір нам ззяў заўсёды...

Гасіце войнаў злы агонь!

За мір змагайцеся, народы!

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан