epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Памяці друга

Вянок на магілу І. А. Юрчанкі,

які загінуў смерцю храбрых

28 ліпеня 1942 г.

 

...Адна сяджу я за сталом,

Гадзіннік б’е,— і ноч праходзіць...

Ляжыць раскінуты альбом,

А ён вачэй з мяне не зводзіць...

Ён з карткі, як жывы, глядзіць,

У шэрым форменным шынелі,

Рукаў нашыўкай зіхаціць,

Агнём пятліцы заяснелі...

Высокі, статны, поўны сіл,

Выразам волі вусны сцяты.

Мой сокал вольны! Мой крылаты,

Дзе ўзмах тваіх шырокіх крыл?..

Які блізкі, які знаёмы!

І гэты ўважлівы пагляд,

І доўгіх веек цёмны рад —

Такі зусім, якім быў дома.

Тут ён, як сонейка, свяціў

І грэў, як сонца ўмее грэці,

Таварышам і другам быў

Мілейшым, чым усе на свеце...

Што ўспомніў ён у страшны час,

Як куля раптам падкасіла?..

Каго ён клікаў,

родны, мілы,

Пакуль, як свечка, не загас?

Як згінуць мог такі магутны?

Кусок гарачага свінца

Рассек ніць палкага жыцця,

Крануўшыся амаль нячутна...

Трава чырвоная была,

Дзе ён ляжаў, такі вялікі,

Бездапаможны ў болю дзікім,

Умомант спалены датла...

Свяціла сонца там ці не

У гэты летні дзень гарачы?..

Мо чуў ён, як зязюля плача,

І ўспомніў зразу пра мяне?

А мо ні разу не ўздыхнуў —

Ударыла...

і смерць адразу...

І знікла памяць, і заснуў,

Не ўспомніўшы мяне ні разу...

Не! Сэрцам чую болю крык,

Гучыць ён тут! Цяпер! Сягоння...

«Эх, мая Тоня... Тоня... Тоня...»

Расплыўся — і адразу знік...

Ідзі, душа мая, туды!

Схіліся нізка над курганам,

Чытай зацёртыя сляды

Тайніц, табой не разгаданых...

У неба сіняга спытай,

Спытайся ў хваль шырокіх Дона,

Спытай бярозку засмучону,

Што ўстала на кургана край...

Ідзі, душа мая, адна,

Ідзі дарогаю вядомай,

Ўсё зразумей, пазнай да дна,

Чытай штрых кожны невядомы.

Угледзься ў родны, любы твар

І да грудзей прыцісні вуха,

Пранікні ў мрок апошніх мар,

Апошні сэрца стук падслухай...

На гэтым свеце кожны — госць,

Жыццю адзначана граніца,

Ды той, з кім сэрца хоча зліцца...

О, не кажы: ён быў...

Ён ёсць!

Быў бой цяжкі над ціхім Донам,

Вялікай сілай наступаў

Там вораг.

Ты наскок збіваў

Сваёю танкавай калонай.

Крывёй заліты чорны стэп

Дыміўся ўзрывамі, як ранай,

І сінявокі Дон аслеп,

Плугамі смерці разараны.

Гудзела бою завіруха,

І наступіў той страшны час:

Ты свісту кулі не падслухаў

І... хістануўся, і... загас.

Як боль гарачы, нестрыманы

Па стэпе ўзмыў віхор бяды.

Хто кінуўся к табе тады

Перавязаць паспешна рану?

У час атакі агнявой,

Калі быў камандзір забіты,

Хто танк павёў галоўны твой,

Каб адплаціць за смерць бандыта

Калі сышліся пахаваць

Цябе сябры твае, танкісты,—

Яны пакляліся ўрачыста

Да перамогі ваяваць.

Не! Ён нядарма кроў праліў:

Радзіма воляй вольнай дыша,

Штандар чырвоны ў неба ўзмыў,

Вятры ізноў яго калышуць.

Курган, што высіцца над Донам,

Не толькі родны ён табе:

Над ім схіляецца ў жальбе

Казак савецкі наш чырвоны...

Над ім устане і ўздыхне

Казачка, ўспомніўшы пра мужа,

Дзяўчынка белая, як ружа,

Парой слязінку тут пралье.

Усім ён блізкі, любы, мілы,

Усім ён родны, твой герой,

Бо вёў ён цяжкі страшны бой

З праклятаю фашысцкай сілай,

Бо край ён родны вызваляў

Ад подлай воражай напасці,

Бо за народа свайго шчасце

Ён сэрца палкае аддаў...

Бывай, мой родны!

З кветак-мар,

З майго гарачага кахання

Спляту вянок, жалобны дар,

У час балючага расстання...

Спляту вянок з гарачых слёз,

З балючых дум, тугі гарачай,

Тваёй Радзімы сум бяроз

Ўпляту ў яго...

Хай ціха плача —

І Свіслачы свабодны шум,

І пушчы нашай родны гоман,

Дубоў шэпт ціхі, нерухомы,

Сасонак нашых спеўных сум.

Спі, родны мой!

А я пайду,

Пайду далей сваёй дарогай

І панясу маю бяду

Да смерці самага парога...

І толькі ў працы буду мець

Спакой і сэрцу здавальненне...

Вось мне бы так датла гарэць

Для шчасця новых пакаленняў.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан