epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Памятны дзень

З лет даўнейшых маіх помню дзень я адзін:

Весна была, скаўроначак пеў;

Каля ног серабрыстая рэчка плыла,

А над ёй лазняк ціха шумеў.

Я — дзіцяцяй яшчэ — чуць падросткам была,

Шоў пятнаццаты год мне тады;

У той дзень я над рэчкай вяночкі віла,

Прыглядаючысь ў люстры вады.

Поўна сетка мая ўжо была матылькоў,

Вянкі пышнай ляжалі гурбой,

Прымярала я іх, смеючысь, як дзіцё,

Ты з’явіўся тады прада мной.

У той памятны ясны і сонечны дзень,

Як цябе толькі ўбачыла я —

Ўраз прапалі навек жывасць гуляў маіх

І дзяціная ўцеха мая.

Як бы Бог хараства, ты стаяў прада мной

З смелым поглядам дзіўных вачэй,

Многа новых, нязнаных мне дум пабудзіў,

Сэрца білась сільней і сільней.

Потым помню, як лета ўсё хутка прайшло;

Сустракаліся часта з табой,—

Я любіла цябе усім сэрцам маім,

Усёй сілай душы маладой.

Прыйшла восень з сумлівым халодным дажджом,

Туманамі зямлю спавіла,

Птушкі ў вырай пачалі усе адлятаць,

Нам расстацца пара падышла.

І рассталіся мы, і рассталісь з табой...

Як? Не помню, надарма пытаць...

Адно толькі з тых пор болей я не магу

Па-дзіцячаму пець і гуляць.

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан