epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Пасля вечарынкі

У суботу вечарынка на сяле была,

Моладзь там спявала, карагод вяла.

Ну, а потым усе чыста

Мы ішлі за гарманістам

Вуліцай сяла,

Нашы хлопцы-трактарысты сталі ля

прысад.

Асыпаўся белым пухам за парканам сад,

На дарожкі, на сцяжынкі

Сыпаў белыя сняжынкі —

Кветак снегапад.

Падабаўся з іх адзін мне —

стройны, як сасна,

Вочы добрыя такія, а ў вачах — вясна,

І на выгляд ён ласкавы,

І ў скоках ён рухавы —

Сіла ў ім відна.

Ён скакаў усё са мною, радасны такі:

Толькі гляне мне у вочы —

ўспыхнуць аганькі.

Я да раніцы не спала,

Вечарынку ўспамінала —

Слаўны час які!

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан