epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Пенсіянеры

Люблю ў Маскве вясной хадзіць па скверах,

Калі ужо цюльпаны расцвілі,

Калі пах кветак льецца ад зямлі

І дрэвы свой убор змяняюць шэры —

Ім вецці пух зялёны акрыліў.

Люблю тады глядзець людзям у твары,

Змяняюцца і людзі ў час вясны —

Зрок свеціцца, а твар праменяць мары —

Пляце вясна сваіх лятункаў чары,

Снуе нам шчасця залатыя сны.

Ўюць гнёзды птушкі ў парках і шчабечуць.

Стаў далягляд і вышай і шырэй.

Паветра тут само знямогі лечыць.

Маршчыны зніклі на чале старэчым,

І ружавеюць шчокі у дзяцей.

На скверах шмат старых...

Павольна ходзяць

Па сцежках. Ці, сабраўшыся гурбой,

Размовы аб жыцці сваім заводзяць,

І судзяць тут, і спрэчкі тут лагодзяць,

І ўражаннямі дзеляцца з сабой.

І дзеці тут, ля іх на тых жа скверах,

Як порасць званкалістага аеру.

1961 г.


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан