epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Перад выездам у поле

Раскрылілася зорная ноч,

Аганькі навакол раскідала,

Быццам тысячы радасных воч

З вышыні на зямлю скіравала.

Люба нам, што зямля ажыла

І таемную сілу струменіць.

Цеплынёю, што з поўдня прыйшла,

Поле дыхае ноччу вясенняй.

Снег сышоў. Воды ў рэках шумяць.

Блізка дзень. Дол зарою абняты.

Працавітыя людзі не спяць —

Вокны свецяцца радасна ў хатах.

Тут к вясне ўсё гатова ўжо.

Вось машыны стаяць урачыста,

І над кожнаю рвецца сцяжок,

Як на працу душа трактарыста.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан