epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Песня

Янку Купалу

 

Расплываецца шырока

Веснавое песні кола,

Зачапілася за дрэва,

Па-над лесам паплыло.

Адгукнулася ёй рэха

Гулам звонкім і вясёлым

І назад чароўным спевам

Адгалоскі прынясло.

Я сальюся сваёй думкай

З хваляй той раскалыханай.

Хай мяне туды закіне,

Дзе сінеюць тоні вод.

На пляцы шырокім неба

Сіні вечар паліць іскры,

І таемна асвячае

Ён імклівы наш палёт.

Хваля гулкая нясецца,

І напеўнасцю калыша,

І чароўнасцю хвалюе

Непаўторнаю яна.

Толькі плыць бы так бясконца,

І не знаць дрымотнай цішы,

І гучаць у дзіўным спеве,

Як напятая струна...

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан