epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Піянеры — гэта тыя, што заўжды ідуць наперад...»

Піянеры — гэта тыя, што заўжды ідуць наперад,

Не шукаючы вядомых і пратораных дарог,

Хто адважна атакуе непазнанага бязмеры,

Каб загадак векавечных нам асвеціць шэры змрок.

Піянеры — гэта тыя, што ў любой нязнанай справе,

Як байцы, вядуць разведку, вывучаюць рубяжы.

Сто напрамкаў навакола — трэба след на тым

паставіць,

Дзе адкрыцце новай з’явы непазнанае ляжыць.

Апусціцца на дно мора, дзе акулы пашчы шчэраць,

Да такіх глыбінь дабрацца, дзе і донных рыб няма.

Што хаваецца ў бяздонні — трэба ўбачыць і

праверыць:

Таямніца стуль не прыйдзе, не аддасца нам сама.

Да глыбінь зямлі прабіцца, дзе палаючае сэрца

Нашай роднае планеты, і адчуць яго біццё;

Там ля скрынь вялікіх скарбаў неадчыненыя

дзверцы,

Хоць шукае чалавецтва іх усё сваё жыццё,

Наша змена, моладзь наша! Дарагія піянеры,

Імя гэтае нядарма вам Радзіма надала,

Вы разведчыкамі станьце — не на вуліцах і скверах,

А куды разведка ўчора не паспела, не дайшла.

Дык мацуйце дух і сілы, развівайце сваё крылле,

Хай вам свеціць сонца міру, бляск спакойных

зараніц,

Каб вам новыя з’яўленні твары светлыя адкрылі,

Каб знайшлі вы свае сцежкі да цудоўных таямніц.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан