epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Пішу табе. А ты чытай...»

Пішу табе. А ты чытай

Не толькі, што сказалі словы,

А тых таемных гукаў мову,

Што льюцца цераз слова край.

 

Яны — як сонейка праменні,

Бліснуць — і слова просты гук

Пачуццяў цеплынёй асеняць,

Ты ў іх пачуеш сэрца стук.

 

Не ўсё магу сказаць я словам...

Ты ж так далёка ад мяне!

Хай цёплым подыхам вятровым

Цябе міжслоўе ахіне.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан