epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Плакала княгіня Яраслаўна...»

Плакала княгіня Яраслаўна,

Сонца сустракаючы ўзыход,

Як палонам горкім і бясслаўным

Князь яе закончыў свой паход.

 

Мыла горкімі слязьмі княгіня вочы,

Боль каб свайго сэрца аблягчыць.

Памагчы ў нядолі князю хоча —

А ніяк не можа памагчы.

Нахіліцца б к мужу тонкім станам,

Палажыць далоні на чало,

Мо павязку налажыць на раны,

Атуліць душы сваёй цяплом...

Вось аб гэтым марыла княгіня,

Ігару каб гора аблягчыць.

Гора княства — што ў разладзе гіне,

Не пад сілу ёй было лячыць.

 

Яраслаўна ў нас другая сёння.

Чайка? Не! Арліца ў нас яна!

І арліцу ў лёце перагоніць.

«СССР» — не толькі тут Расія,

Тут Рэспублік велічны саюз —

Даў арліцы залатыя крылы,

Славу ёй даверыўшы сваю.

Што ж, такая ў горы не пакіне,

Слёз бяссіллем твар не абалье,

Простая ткачыха — не княгіня,

Космас носіць на руках яе...

А яна яму, як другу, рада,

Ёй услед уся зямля глядзіць...

А яна, пад зорным даляглядам,

Новай зоркай ў космасе ільсніць.

Зорны брат там побач з ёй імкнецца,

З ім яна гаворыць як сястра.

Вось, сказала штосьці — і смяецца...

Невядомы нашай Чайцы страх!

Вось якія ёсць у нас жанчыны!

І такіх між намі не адна.

Дочкі светазарнае Айчыны —

Крыллі вам і моц дае яна.

Край наш родны! Як жыццё, нам мілы,

Каб ты мог у новай славе ззяць,

Кроў да кроплі, усе сэрца сілы

І жыццё гатовы мы аддаць.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан