epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Прадвесне

Хоць зіма яшчэ злуецца

І марозіць сцюжай лютай —

Сонца радасней смяецца,

Ледавыя точыць путы.

 

Дзень даўжэе. І на сонцы

Перазваньваюць капелі,

І махнатыя аконцы

Неўпрыкметку адпацелі.

 

У шумлівым развароце

Закружылі галкі хмарай,

Палагоднеўшы ў палёце,

Дабіраюцца да пары.

 

Скора, скора — як ні злуйся,

А зіме здавацца трэба!

Што ж, ідзі, вясна, красуйся,

Песня сонца льецца з неба.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан