epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Праўнук

У мяне радзіўся праўнук,

Хлопчык крэпкі і харошы.

І назвалі яго слаўна,

Цёплым іменем — Алёша.

Ён глядзіць на свет здзіўлёна

Ясным зрокам воч вялікіх,

А на сценах асвятлёных

Залатыя скачуць блікі.

За акном сад кадзіць пахам,

Ў кветках радужныя росы...

І на ўсё глядзіць без страху

Хлопчык мой светлавалосы.

Ён прыйшоў на свет, каб смела

У жыцці сваім дзіцячым

За любое брацца дзела,

Усё пазнаць, усё пабачыць.

Лоб высокі, ясны, чысты,

Зрок уважны і пытлівы,

З захапленнем ён шчаслівым

Дзень страчае прамяністы.

Кім ён будзе? Сэрца хоча

Адхінуць заслону веку...

Чэсным вырастай, сыночак!

Будзь харошым чалавекам!

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан