epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Пройдзе дзень — і ў вечнасці затоне...»

Пройдзе дзень — і ў вечнасці затоне,

І не вернецца назад ніколі.

Колькі іх, прапаўшых у бяздонні,

Мне б вярнуць хацелася да болю.

 

І не тых, што шчасцем зіхацелі,

Што далі мне новага шмат зведаць,—

Толькі тых, што марна праляцелі,

Не пакінуўшы ў жыцці ні следу.

 

Маладосць! Ты маеш дзён багата,

Ты іх, бесклапотная, не лічыш. .

Толькі старасць разумее страту:

Мала — ды ні ў кога не пазычыш.

 

Колькі дум задумана цікавых!

Колькі спраў чакае рук і сэрца!

Мне б вярнуць усе дзянькі, здаецца,

Што прайшлі без радасці і славы,—

 

Як бы я шырока разгарнула

Ўсе магчымасці свае і сілы,

Ўсё, што недароблена ў мінулым,

Як бы я натхнёна дарабіла!

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан