epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Прыбой

Шуміць прыбой. Вадой крыштальнай

Аб камень б'ецца ля гары.

Тужлівай песняй развітальнай

Зайшліся гонкія вятры.

Нагнала восень хмар на неба,

На сонца лёг цяжкі заслон,

Зямля счарнела. Ёй не трэба

Цяпер налітых сонцам дзён.

Шуміць прыбой. На бераг крута

Ідуць валы тугой вады.

Каму грымяць яны салютам?

Якой пазбыліся бяды?

Чаму такой вялікай сілай

Узбурана стыхія хваль?

Мо б'ецца ў ёй балючы жаль,

Што неба над вадой астыла?

Я ведаю. Час спыніць гора,

І ты прыедзеш да мяне...

Рукой руку маю кранеш -

І ўзнімецца пачуццяў мора...

І будзе нам пяяць вясна

Аб шчасці сонечным, гарачым...

І сёння? Сёння - восень плача,

Таму што сумная яна.

 

1943

 


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая