epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Прыйдзі сюды! Прыйдзі так проста, як учора...»

Прыйдзі сюды! Прыйдзі так проста, як учора,

І ціха сядзь пры мне... І не кажы ні слова!

Люблю я памаўчаць, калі душа гаворыць

І льецца ў шчыры верш яе нямая мова.

 

Ўзнікае успамін, як ніць з клубка віецца,

Ўстаюць з мінулага дні, месяцы і годы...

І ўсё жыццё маё шырокай хваляй льецца,

Як роднай Іслачы плылі ў дзяцінстве воды.

 

Ты ўвёў мяне ў той свет, дзе дум высокіх кола

Гучыць мелодыяй у вобразах дзівосных...

Радзіма сніцца мне — яе гаі і сёлы,

Шыр каласістых ніў, лугі ў рамонках росных...

 

І песня ўжо гучыць і просіцца у словы,

І словы у радкі кладуцца, быццам самі...

Як добра мне з табой!

Пачуццяў шчырых мова

Бязграннасць вобразаў адкрыла перад намі.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан