epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Радасць ты мая! Мой лог барвісты...»

Радасць ты мая! Мой лог барвісты...

Маё юнацтва, ты прыйдзі здалёку,

Глянь мне ў вочы зрокам сваім чыстым,

Дай адбіцца ў дзён маіх вытоку.

А яны святлей тады свяцілі,

Хоць не раз задымлівала гора

Мае юныя, жывыя хвілі —

І сплываў той дым не вельмі скора...

Выкупацца сэрцам ў сонца бляску!

Ў юных марах сэрцам абагрэцца...

Паглядзець на свет з былою ласкай —

І душа ад шчасця засмяецца...

Лёгкімі нагамі смела крочыць

Да апошняй маёй хвілі донца,

Нават думкай — ні на крок не збочыць

Са шляху, якім ідзём да сонца.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан