epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Радзіма мая — як купальская кветка...»

Радзіма мая — як купальская кветка,

Расцвіўшая шчасцем народным улетку,

Народнай любоўю, як пахам, наліта,

Вясёлкавай славай уся апавіта.

Выходзіць з адвечных балотаў Палессе,

Бягуць твае рэкі, красуюць дубровы,

Людзей ты натхняеш да подзвігаў новых,

У працы, мастацтве, навуцы і песні.

Усе дасягненні высокай навукі

Ідуць да працоўных штодзённай падмогай,

Тут веды працуюць не меней, як рукі,

Машыннаму веку праклаўшы дарогу.

Радзіма! Ты выйшла на шлях свой шырокі

Магутнай, багатай, прыгожай на дзіва,

Спакойна плывуць над табою аблокі...

А тут жа смерць жала крывавае жніва,

Усе мы нясцерпным жаданнем абняты

Стаць прыкладам долі вялікаму свету —

Каб там, дзе пануе прымус і няволя,

Наш сцяг зняў пракляцце прымусу і болю.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан