epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Радзіма светлая

Радзіма светлая, мой родны, любы край,

Вясна табе сваё квітненне дорыць!

Як хораша табе ў яе уборы,

Сапраўдны ты, не выдуманы рай.

 

Ніякай ўзнагароды нам не трэба

Ў нябесным царстве! Хай не хлусіць бог,

Што там краса. Каб зразумець ён мог

Тваю красу! Тваёй зямлі і неба...

 

Паветра — як паркаль блакітна-залацісты,

І прыгажосць і скромнасць прастаты,

А ўнізе лан пшанічны каласісты,

Пшанічны лан, наліты зернем чыстым.

 

Жыві, глядзі, працуй на поўні сіл,

А ўвосень ураджай збірай багаты...

А у сяле — бялеюць гонтай хаты,

Ўпісаўшыся ў ружовы небасхіл.

1970 г.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан